«Хачы, вузкавокія, асобы каўказскай нацыянальнасці». Расізм – гэта і пра Беларусь


Лічыцца, што беларусы – добразычлівыя і талерантныя. Аднак праблема расізму ўласцівая і для нашай краіны. Беларускія праваабаронцы далучаюцца да агульнаеўрапейскага Тыдня супраць расізму, які стартуе 14 сакавіка.

Агульнаеўрапейскую акцыю арганізуе Еўрапейская сетка супраць нацыяналізму, расізму, фашызму і ў падтрыманне мігрантаў і бежанцаў (UNITED). Сёлета Тыдзень супраць расізму праводзіцца пад лозунгам «Будзь крэатыўным і атрымлівай задавальненне!».

«Віна мігранта»

UNITED вызначае некалькі стэрэатыпаў адносна мігрантаў, уласцівых для еўрапейскіх краінаў. Перадусім гэта перакананні, што «мігранты забіраюць нашыя працоўны месцы», «цяпер час клапаціцца пра сябе, а не замежнікаў», жарты, якія прыніжаюць асобаў іншага паходжання.

Беларусь другі год запар далучаецца да гэтай міжнароднай акцыі. «Студэнты, працоўныя мігранты, бежанцы з розных куткоў планеты – асноўныя групы, да якіх мясцовыя жыхары ставяцца падазрона. Непрыязнае стаўленне, ксенафобія, мігрантафобія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і як вынік праяўляюцца ў розных формах расізму, у тым ліку і бытавы», – паведамляюць праваабаронцы, што арганізоўваюць Тыдзень супраць расізму ў Беларусі.

Для нашай краіны характэрныя таксама праявы ксенафобіі супраць цыганаў з боку міліцыі. У беларускіх гарадах нярэдка з’яўляюцца заклікі ад мясцовых праваахоўнікаў асцярагацца кнатактаў з аобамі гэтай нацыянальнасці ды нават пры сустрэчы званіць у міліцыю.

Акцыя ў Беларусі

У межах Тыдня супраць расізму ў Менску пройдзе круглы стол і тэматычны кінапрагляд з дыскусіяй. З дапамогай гэтых мерапрыемстваў беларускія арганізатары спадзяюцца прыцягнуць увагу беларускага грамадства да праблем расізму не толькі ва ўсім свеце, але і ў Беларусі.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што такія словы і выразы, як «хачы, вузкавокія, асобы каўказскай нацыянальнасці», можна пачуць у паўсядзённым жыцці. «І можна смела казаць, што ўжо яны дэманструюць праяўленні расізму», – падкрэсліваецца ў паведамленні праваабаронцаў.

UNITED разлічвае, што ў межах Тыдня супраць расізму «больш як 100 тысяч чалавек далучацца да актыўных дзеянняў для прасоўвання ідэй талерантнасці, захавання роўнасці правоў і павагі да разнастайнасці ў Еўропе».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў