Гвалт на пляжы: міліцыя аштрафуе тых, каго пабіў АМАП на Менскім моры


Беларуская міліцыя зноўку трапіла ў скандал са злоўжываннем сілаю. На пляжы Менскага мора працаўнікі АМАПу зладзілі бойку з людзьмі, якія загаралі. Прычынаю стаў неадзеты купальнік. Адной жанчыне не спадабалася, што іншая недастаткова апранутая, яна выклікала міліцыю.

«Купіце сабе пляж і трасіце там х**нёй сваёй».

Людзі сталі заступацца за затрыманую жанчыну, амапаўцы сталі біцца з тымі, хто заступаўся. Міліцыянты скруцілі дзяўчыну, а таксама ейнага мужа. Вось ён, з палачкаю і дзіцёнкам на руках. Людзей цягалі па пяску ў кайданках. Ва Упраўленні ўнутраных справаў лічаць, што ўсё законна і цялесных пашкоджанняў ні ў каго няма.

АЛЯКСАНДР ГРАБКО, ПРЭС-СЛУЖБА УУС МЕНГАРВЫКАНКАМУ:

«Грамадзянаў аштрафуюць за ўмяшанне ў справу аб адміністратыўным правапарушэнні ды непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. Калі яны нязгодныя, то маюць права звярнуцца ў суд».

Валерый спрабаваў перашкодзіць незаконнаму затрыманню сваёй жонкі. Цяпер ён у шпіталі, кажа, што пасля затрымання ў яго пагоршыўся ранейшы пералом нагі. Праваабаронца Алег Волчак лічыць такія дзеянні амапаўцаў поўным непрафесіяналізмам.

АЛЕГ ВОЛЧАК, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ, ПРАВААБАРОНЦА:

«Адпаведна беларускаму заканадаўству, АМАП прымяняюць пры нейкіх грубых парушэннях, падчас беспарадкаў, супраць прафесійных крымінальнікаў. Гэта спецпадраздзяленне».

Гісторыя ўжо шырока разышлася ў народзе. І міліцыянты падтрымання не знайшлі.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Яны мелі права яе папярэдзіць, што гэта незаконна, але збіваць, вядома, не».

«Мне падаецца, гэта перабор. Не варта было так паступаць уладам».

«Ёсць улада, можа, яна ім затуманьвае вочы. Яны могуць весці сябе, як хочуць, бо разумеюць, што беспакараныя, і таму так сябе паводзяць».

«Магчыма, туды проста трапляюць неадэкватныя людзі».

Трапляюць усялякія. Бо сёння ў АМАПе патрэбныя міліцыянты асобнага прызначэння, здольныя выканаць любы загад кіраўніцтва. Здольныя і ў форме, і ў цывільнай вопратцы жорстка затрымаць любога нязгоднага. Вось так, напрыклад, ледзь не задушылі пенсіянера, інваліда Уладзіміра Марозава падчас разгону маўклівых пратэстаў 2011-га года.

Але справа не толькі ў палітычных пратэстах. За апошні год некалькі разоў міліцыянты ўжывалі газ і дручкі супраць фанатаў на футбольных матчах, там, дзе бойкі не было. А тыдзень таму амапаўцы жорстка разагналі нелегальны, але мірны панк-канцэрт у лесе пад Менскам.

УДЗЕЛЬНІК НЕЛЕГАЛЬНАГА КАНЦЭРТУ:

«Рэзкі ўдар па нагах, я ўпаў. Паварочваюся, гляджу – паўсюль бегае АМАП, усім крычыць «ляжаць мордай у зямлю».

Тады таксама білі людзей, якія не аказвалі супраціву і не парушалі закону.

АЛЕГ ВОЛЧАК, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ, ПРАВААБАРОНЦА:

«Сёння любы грамадзянін можа ў такой сітуацыі аказацца. І сёння заклікаю нават па гэтай сітуацыі на пляжы да салідарнасці».

Паводле праваабаронцы, у гэткай сітуацыі салідарнасць – гэта найперш паказанні сведкі ў судзе ды фіксацыя неправамерных дзеянняў міліцыі на відэа.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў