«Аўгустоўская аблава»: Як савецкія ўлады зачышчалі Беласточчыну


Калі мы даведаемся праўду пра «Аўгустоўскую аблаву» і ці пацярпелі падчас яе беларусы?

Што здарылся ў Аўгустоўскай пушчы ў 1945-м? Журналіст Сяргей Пеляса абмяркоўвае разам з гісторыкам Ігарам Мельнікавым.

«Белсат»: Спадар Ігар, што адбывалася летам 1945 года ў лясах на паўночны захад ад Горадні?

Ігар Мельнікаў: Адбываліся сапраўды вельмі жудасныя падзеі, калі савецкія спецыяльныя органы, часткі НКУС, унутраныя часткі СМЕРШ палявалі, знішчалі адзінкі польскага анты-савецкага падполля, але таксама і мірнае насельніцтва. Гэта была вялікая праблема для савецкіх уладаў, пра гэта сведчыць і пазнейшая дзейнасць анты-савецкіх польскіх фармаванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пра гэта я пішу ў сваёй новай кнізе: МДБ на пост-АКаўскія (Армія Краёвая – рэд.) фармаванні палявала амаль да 1950-х гадоў. Што тычацца Беласточчыны: гэта быў важны калідор для транспартыроўкі трафеяў з Нямеччыны, з Усходняй Прусіі на савецкую тэрыторыю. А сама Беласточчына на момант правядзення «Аўгустоўскай аблавы» амаль не кантралявалася сацыялістычнымі ўладамі. Мясцовая цывільная адміністрацыя сацыялістычнай Польшчы была амаль знішчаная. На пастарункі міліцыі пастаянна адбываліся напады менавіта гэтых АКаўскіх фармаванняў. Больш таго: у гэтыя гады шэрагі АК і анты-савецкай партызанкі папаўняліся за кошт іншых фармаванняў. У мяне ёсць вельмі цікавы дакумент: справаздача Івянецкага раённага вайсковага камісара ў Маскву наконт таго, што адзін з былых жаўнераў Войска польскага не быў на ўліку ў савецкім войску, а быў менавіта на ўліку ў Войску польскім.

Гэтага чалавека прызвалі з Беларусі. Ён служыў у 31-м пяхотным палку Народнага Войска польскага, які ўвосень 1944 года амаль цалкам, у складзе 600 чалавек, дызертаваў. І вось гэтыя людзі таксама папоўнілі шэрагі Арміі Краёвай – яны пайшлі на Падляшша. І пазней яны ваявалі супраць савецкага войска, супраць НКУС.

«Белсат»: На Падляшшы адбыліся падзеі, якія пасля назвалі «Аўгустоўскай аблавай». Затрымалі каля 7 тыс. чалавек. З іх 600 вывезлі ў невядомым накірунку, яны зніклі. Па адной з версій, іх расстралялі каля Горадні, у фартах. Чаму менавіта там?

Ігар Мельнікаў: Справа ў тым, што статус Беласточчыны ў той час не быў да канца акрэслены. Яшчэ ў 1944 годзе былі штабныя савецкія мапы, дзе Беластоцкая вобласць была ў складзе яшчэ БССР. Яны капіяваліся з мапаў 1939 года. Тут ужо безумоўна дзейнічала камісія па вылучэнні мяжы, быў ужо план перадаць Беласточчыну ў склад Польскай Народнай Рэспублікі. Але як перадаваць, у якім стане? Вось гэты анты-савецкі рэгіён трэба было менавіта зачысціць і зрабіць такім больш зразумелым, каб там савецкая сацыялістычная ўлада лягчэй сябе паводзіла. Ну і безумоўна, гэтыя моманты ўплывалі: Горадня і Беласток побач.

Размова выйшла ў эфіры праграмы «Прасвет». Праглядзець яе цалкам можна на відэа вышэй.

Таксама прапануем вашай увазе дакументальны фільм пра падзеі “Аўгустоўскай аблавы” рыжысёркі Бэаты Гыжы-Чалпіньскай.

Стужка навінаў