Гульня ва ўльтыматумы і тлусценькія ручкі


Як Грэцыя ператварылася ў Муму. 30 чэрвеня гэтая краіна аб’явіць дэфолт…

Гэты анекдот распавёў мне адзін знаёмы банкір, калі я запытаўся ў яго пра палітыку лявацкага ўраду ў Грэцыі.

– Тата, вось ты банкір, так?

– Ну. 

– Ты бярэш у людзей грошы, а потым аддаеш іх назад. Які ў гэтым сэнс? Бацька адкрывае лядоўню, дастае кавалак сала і паказвае яго сыну. 

– А цяпер кладу яго на месца. Сын няўцямна глядзіць, як бацька кладзе сала на паліцу. 

– Вось так гэта і працуе сынок – кажа бацька сыну. – Узяў, патрымаў, а ручкі засталіся тлусценькімі!

Да 30 чэрвеня Грэцыя павінна выплаціць €1,5 млрд па вонкавых даўгах. У выпадку, калі гэтага не адбудзецца, краіна аўтаматычна будзе аб’яўлена банкрутам. А гэта значыць, што ні грэкі, ні Еўразвяз не змогуць пахваліцца тлусценькімі ручкамі. Дэфолт Грэцыі – моцны ўдар па еўрапейскіх фінансавых інстытутах, фондавых біржах, агульнаеўрапейскай валюце і аўтарытэце аб’яднанай Еўропы. Які, відаць, не надта турбуе ўрад Алексіса Цыпраса.

У ноч на 27 чэрвеня грэчаскі прэм’ер прапанаваў правесці рэферэндум, на якім будзе вырашацца пытанне ці варта Грэцыі пагаджацца на жорсткія ўмовы крэдытораў (моцнае скарачэнне бюджэтных расходаў), якія могуць уратаваць дзяржаву ад дэфолту. Плебісцыт запланаваны на 5 ліпеня. Брусель ўгледзеў у гэтым кроку Цыпраса жаданне ў аднабаковым парадку спыніць перамовы з крэдыторамі. 

Малаверагодна, што еўрапейскія палітыкі выберуць шлях «вайны» і выкінуць з агульнаеўрапейскай лодкі грэчаскага Муму. І тым не менш, яны разумеюць, што ўрад Цыпраса і яго папярэднікі павесілі камень на шыю не толькі сабе і Грэцыі, але ўсяму ЕЗ, перакінуўшы адказнасць на еўрапейскіх «капіталістаў», што дамагаюцца ад грэкаў вяртання, праедзенай падчас сіесты, кругленькай сумы.

Міністр фінансаў Грэцыі Яніс Варуфакіс лічыць, што ключ да вырашэння праблемы знаходзіцца ў руках Ангелы Мэркель. «Спадзяюся яна ім скарыстаецца», – заявіў грэчаскі чыноўнік на адной з апошніх прэс-канферэнцыяў.

Чытайце таксама >>> Ці выйдзе Грэцыя з еўразоны?

У сваю чаргу канцлер Нямеччыны заяўляе, што гатовая да дыялогу і сустрэчы з грэчаскім прэм’ерам, «калі ён гэтага хоча», паведаміў агенцтву DPA афіцыйны прадстаўнік ураду ФРГ Штэфан Зайберт.

Цягам апошняга ўік-энду грэкі спрабавалі «апустошыць» свае банкаўскія рахункі. Да банкаматаў выстраіліся велізарныя чэргі. Хапіла не ўсім. Перабоі з наяўнымі выкліканыя рашэннем грэчаскага ўраду абмежаваць да 6 ліпеня рух капіталаў у межах нацыянальнай банкаўскай сістэмы, каб пазбегнуць адтоку грашовых сродкаў за мяжу. Іншаземцы, якія маюць карты банкаў іншых краінаў могуць здымаць грошы без абмежаванняў, паведамляе грэчаскае Міністэрства фінансаў.

Амерыканскае выданне «The Wall Street Journal», спасылаючыся на ананімную крыніцу ва ўрадзе, паведамляе, што 30 чэрвеня Грэцыя гатовая аб’явіць дэфолт. Падобна, Еўропу чакае драматычнае шоу з Грэцыяй у галоўнай ролі…

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў