Гульня ў вайнушку. Лукашэнка перамагае ў спрэчках з Расеяй, а плацяць за гэта беларусы


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Доўг за расейкі газ, скарачэнне паставак нафты ў Беларусь, змена тарыфаў на транспартыроўку «чорнага золата» і вострыя выпады Аляксандра Лукашэнкі ў бок Масквы – чарговы віток сыравіннага канфлікту, ў якім няма ніякай логікі.

Проста ў нас такія ўлады, тлумачыць прычыны напружанасці паміж брацкімі народамі рэдактарка онлайн-выдання «Белрынок» Ірына Крыловіч.

«Не магу сказаць, што тут мы дрэнныя або Расея. Проста ў нас склаліся такія стасункі. Імаверна, такая сітуацыя задавальняе і беларускую, і расейскую ўладу. Але такая пазіцыя Беларусі там усіх шакуе, калі мы ўзялі і парушылі падпісанае пагадненне і паднялі тарыфы. Зразумела, што мы адстойваем свае эканамічныя інтарэсы, але да беларускага эканамічнага валюнтарызму ў Расеі яшчэ не прызвычаіліся».

Паводле рэдактаркі выдання, ў выніку такіх канфліктаў «перамагае» кіраўнік Беларусі, а народ толькі губляе.

«Гэта хутчэй гульні ў войны, чымся войны на самой справе. Калі б былі сапраўдныя эканамічныя інтарэсы і праблемы, то яны б развязваліся ці то ў судзе, ці нейкім іншым чынам. Але методыка не мяняецца. Улада ў Расеі і Беларусі не мяняецца. Лукашэнку лічаць інтуітыўным палітыкам, але ён не валодае якасцямі прадпрымальніка. У прынцыпе яму ўдаецца выйграваць у эканамічных спрэчках, але ў выніку мы ўсё роўна прайграем. Напярэдадні выбараў 2010 года Расея пайшла на саступкі ў пытанні мытаў на легкавыя аўтамабілі падчас падпісання мытнага кодэксу Мытнага саюзу, а скончылася гэта дэвальвацыяй. Гэта была палітычная перамога, але з эканамічнага пункту гледжання мы прайгралі», – тлумачыць Ірына Крыловіч.

Для беларускіх і расейскіх уладаў народ нібы працаўнікі іхных прадпрыемстваў, а эканамічная палітыка мае канʼюнктурны характар.

«Беларусь і Расея паводзяць сябе нібы прадстаўнікі лакальнага бізнесу. Калі канʼюнктура спрыяе, то кожны з бакоў спрабуе атрымаць максімальную выгаду. Калі канʼюнктура мяняецца, то прадстаўнік лакальнага бізнесу звольніць працаўнікоў або будзе прадаваць прадпрыемства. Беларусь і Расея не мае куды выганяць працаўнікоў, бо гэта насельніцтва, якое жыве ў гэтых краінах. У Менску і Маскве вельмі канʼюнктурны падыход. Беларусь прывязалі да нафты, а цяпер не ведаюць, што з гэтым рабіць. Спачатку Лукашэнка прапаноўваў сушыць малако, а цяпер не вядома як яго прадаваць. Адсутнасць эканамічнага прагназавання, навукі і бізнесу, які ўмее працаваць ва ўмовах рэальнага рынку ў выніку прыводзіць да паразы», – канстатуе рэдактарка онлайн-выдання «Белрынок».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў