Гульня ў справядлівасць. Пратаколы супраць журналістаў адправілі «на дапрацаванне»


У судзе Ленінскага раёну ў Горадні вырашылі, што міліцыя не сабрала дастаткова дакументаў для працэсу над Дзянісавым і Кіркевічам. Паводле ліста, які прыйшоў гарадзенцам журналістам-фрылансерам Алесю Дзянісаву і Алесю Кіркевічу, іх справу перадалі назад супрацоўнікам МУС, бо тыя забыліся зрабіць запыт у Міністэрстве юстыцыі аб наяўнасці ў журналістаў акрэдытацыі.

Такім чынам суддзя Казакевіч «гуляе ў справядлівасць», мяркуе праваабаронца Уладзімір Хільмановіч. Актывіст «Вясны» не лічыць, што тут варта шукаць нейкую перадвыбарчую «лібералізацыю»:

«Суддзя Казакевіч добра вядомы гарадзенцам, – кажа Хільмановіч, – Менавіта ён судзіў людзей падчас маўклівых акцыяў у 2011-м, пасля судзіў журналістаў. Справа ж не спыненая, але адпраўленая на дапрацоўку: так суддзя перастрахоўваецца».

Супраць гарадзенскіх журналістаў ужо не першы раз заводзяць справу паводле ч.2 арт. 22.9 АК РБ «супраца з замежнымі СМІ без акрэдытацыі». Гэтым разам іх вінавацяць у «вырабе» культурніцкага матэрыялу, які прайшоў у эфіры «Белсату» 24 чэрвеня.

Глядзіце таксама >>>: «Літоўскія лялькі гасцююць у Горадні» – матэрыял, за які судзяць гарадзенскіх журналістаў

ВШ, belsat.eu

Стужка навінаў