Гульбішча ў часе чумы. Як прайшлі «Дажынкі» на Віцебшчыне


Пакуль айчынная сельская гаспадарка, не адстаючы ад іншых сфераў у нашай краіне, гібее, улады старанна святкуюць яе росквіт. Сваю версію гульбішчаў у часе чумы гэтым разам прадставіла Віцебшчына. Абласныя «Дажынкі» сёлета тут адзначылі ў райцэнтры Сянно.

«Гэта добрае свята для працаўнікоў, якія працуюць на зямлі, якія робяць, каб у нас у хаце быў дабрабыт, хлеб, парадак», – адзначаюць удзельнікі святкавання.

З імі згаджаюцца іншыя: «Усё прыгожа. Людзі з усмешкамі ходзяць. Смачны пах шашлыкоў».

І хоць сёлета збожжа па краіне аграрыі сабралі на 20 % менш, чым летась, на размах святкаванняў гэткі вынік наўрад ці паўплываў. Адмыслова да «Дажынак» улады Сянна адрапартавалі пра добраўпарадкаванне ажно 200 абʼектаў, рэканструкцыю цэнтральнага парку ды збудавалі вялізны Палац шлюбаў. Штопраўда, замене дрэваў на вайсковую тэхніку ўсцешыліся далёка не ўсе. Дый жаніцца ў мястэчку, з якога моладзь уцякае ад беспрацоўя, з кожным годам застаецца ўсё менш каму.

Жыхары: «Парк тут раней быў вялікі. Заўсёды гулялі дзеці. Цень быў. Прыгожы парк быў, але яго выразалі».

«Белсат»: «А як з працай у горадзе?»

Жыхары: «Ох, глуха! Вельмі-вельмі цяжка!»

А таму нават запрашэнне чыноўнікамі ў якасці ганаровага госця «Дажынак» замест сваіх асілкаў чамусьці расейскага баксёра Мікалая Валуева ды танцы афра-індзейцаў праўды жыцця не адмяняюць. Усялякае свята мінае і змяняецца шэрымі буднямі.

НН, «Белсат»

Стужка навінаў