Губернатар Луганскай вобласці – пра місію АБСЕ: П’юць з раніцы да ночы, а да сепаратыстаў не едуць


Генадзь Маскаль абвінаваціў назіральнікаў у невыкананні сваёй місіі і маніторынгу сітуацыі на Данбасе.

«Паважанае АБСЕ павінна было б не сядзець пастаянна ў рэстаране ў гатэлі «Мір», ад раніцы да ночы піва і віскі піць, а ехаць на гэтую тэрыторыю… Я іх увесь час бачу ў гатэлі, дзе яны жывуць. Нехта да нас прыязджае ў адміністрацыю, павязеш на абед, і ўсе яны там сядзяць. Я ўжо кажу афіцыянтам: «Гэта англійскі клуб, ці што?» – сказаў ён, дадаўшы, што назіральнікі не хочуць ехаць на тэрыторыю, якую кантралююць сепаратысты.

«Назіральнікі на Данбасе рызыкуюць жыццём», – адказаў на гэтыя абвінавачванні прадстаўнік місіі Майкл Бацюрыў.

Генадзь Маскаль распавёў пра назіральнікаў АБСЕ пасля масавых нападаў прарасейскіх баевікоў на пазіцыі ўкраінскіх войскаў у Мар’інцы 3 чэрвеня, дзе ўзнавіліся баявыя дзенянні. За апошнія содні там загінулі 5 вайскоўцаў, яшчэ 39 параненыя і цяпер у шпіталях.

Чытайце таксама: Пасля няўдалых перамоваў у Менску на Данбасе пачалі страляць. Баевікі пайшлі ў наступ

Таксама на акупаванай тэрыторыі зафіксаваныя шматлікія перамяшчэнні тэхнікі і падраздзяленняў баевікоў, піша ў Facebook каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрый Тымчук.

Сёння ў Нью-Йорку пройдзе надзвычайная сустрэча Рады Бяспекі ААН па сітуацыі ва Украіне.

Менскія пагадненні, падпісаныя ў лютым сёлета, прадугледжваюць спыненне агню і адвод цяжкога ўзбраення ад лініі фронту. Аднак дамоўленасці выконваюцца не цалкам. Крэмль вінаваціць Кіеў у парушэнні выканання пагадненняў. Паводле назіральнікаў АБСЕ, абстрэлы з цяжкіх узбраенняў, у тым ліку танкаў і вайсковых цяжкавікоў, пачалі баевікі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў