«Грыбаўскайце, рызыкуючы сваім аўтарытэтам у ЕЗ, дала крэдыт даверу Лукашэнку. А яе падманулі»


Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс тлумачыць, што адбываецца ў дачыненнях на лініі Менск – Вільня і чаму Літва ўсё больш насцярожана паглядвае ў бок Беларусі.

МЗС Беларусі выклікаў «на дыван» амбасадара Літвы Андруса Пулокаса, ад якога запатрабаваў тлумачэнняў у сувязі з выказваннямі Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайце ў інтэрвʼю тэлекампаніі LRT. Грыбаўскайце заявіла, што краіны Балтыі і Польшчу абʼядноўвае «агульная пагроза» з боку Расеі і Беларусі. «І, вядома, мілітарызацыя, якую мы бачым у Калінінградзе, і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для розных эксперыментальных і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду», – заявіла прэзідэнт Літвы.

Беларускаму МЗС не спадабаліся словы «агрэсіўныя гульні», якія зʼяўляюцца «абразай для нашай краіны, што вядзе міралюбівую палітыку, уносіць рэальны і агульнапрызнаны ўклад у справу ўмацавання бяспекі нашага рэгіёну». Дыпламатычны скандал разгарэўся не на пустым месцы: адносіны паміж суседзямі ліхаманіць ужо некалькі гадоў.

Прычыны напружання паміж краінамі ў размове з belsat.eu тлумачыць выкладчык Інстытуту міжнародных адносінаў і палітычных навук Вільнюсскага ўніверсітэту літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Чаму Менск абураецца? Таму, што не ведаў, што Расейская Федэрацыя актыўная на тэрыторыі Беларусі, ці таму, што афіцыйны Менск адмаўляе відавочнае? Ці сюрпрызам стаўся той факт, што прэзідэнт Літвы прама сказала ўсё, як ёсць, без дэкарацый? Беларусь зʼяўляецца ваенным (і не толькі) партнёрам агрэсара ў рэгіёне. Мала таго, партнёрства – не толькі фармальнасць, але беларусы ўдзельнічаюць у сумесных ваенных вучэннях наступальнага характару на мяжы з Літвой і Польшчай.

На тэрыторыі Беларусі прысутнічаюць расейскія ваенныя абʼекты. У Літве былі затрыманыя шпіёны з Беларусі. Тая ж самая Астравецкая АЭС, якая будуецца на сродкі РФ, зʼяўляецца не толькі пагрозай энергетычнай бяспекі, але таксама патэнцыйнай пагрозай больш шырокага плану – і для літоўцаў, і для беларусаў.

Не кажучы ўжо пра агрэсіўныя заявы самога Лукашэнкі на адрас суседніх краін. Мы суседзяў не выбіраем, але добрасуседства часам патрабуе называць рэчы сваймі імёнамі.

– Каменём спатыкнення ў беларуска-літоўскіх адносінах стала Беларуская АЭС. Безумоўна, ніводнаму суседу не спадабаецца, калі за 50 км ад яго сталіцы ўзводзіцца чужая АЭС. Якія канкрэтна прэтэнзіі выстаўляе Вільня афіцыйнаму Менску? Ці сапраўды Вільня дэ-факта патрабуе адмовы ад будаўніцтва БелАЭС?

– Міжнародныя стандарты, стрэс-тэсты, бяспека гэтага праекта… Але, на жаль, Лукашэнка не трымае справаздачу ні перад сваім народам, і ўжо тым больш не дзейнічае па міжнародных стандартах. Той факт, што атамная станцыя будуецца на расейскія грошы, таксама не дадае даверу. Так што варыянтаў у Літвы няшмат.

– Двухбаковыя дачыненні сурʼёзна сапсавалі і беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2017». Якія пагрозы нясуць Літве ваенныя вучэнні, якія носяць «выключна абарончы характар», як сцвярджаюць у Менску?

– Вільня ўжо мела справу з вайсковымі вучэннямі «Захад» падчас старшынёўства Літвы ў Еўразвязе. Пагрозы застаюцца ранейшымі – Менск не зрабіў нічога сурʼёзнага для памяншэння прысутнасці Крамля ў Беларусі.

Беларускія ўлады імкнуцца прадаць Менскія пагадненні, рыторыку; але калі гэты фокус спрацаваў з паўднёвымі краінамі Еўразвязу, то без рэальных сістэмных пераменаў Вільню пераканаць не атрымаецца.

– Яшчэ 5-6 гадоў таму прэзідэнта Літвы Далю Грыбаўскайце называлі адвакатам апошняй дыктатуры ў Еўропе. Чаму адносіны суседзяў так рэзка змяніліся?

– Даля Грыбаўскайце, рызыкуючы сваім аўтарытэтам у ЕЗ, дала вельмі вялікі крэдыт даверу Аляксандру Лукашэнку. А яе падманулі. Па сутнасці, адносіны не рэзка змяніліся – проста акцэнты расстаўлены крыху іначай.

Гутарыў Юрый Дубіна, belsat.eu

Стужка навінаў