Грыбаўскайце: Сёння ў Еўропе кіруе Пуцін, а не Захад


Прэзідэнт Літвы лічыць, што Расея нясе не меншую небяспеку, чым «Ісламская дзяржава».

У інтэрв’ю «The Washington Post» Даля Грыбаўскайце папярэдзіла аб небяспецы для прыбалтыкі з боку Уладзіміра Пуціна і прысаромела заходніх лідараў, якія «баяцца Масквы».

Як ацэньваеце сітуацыю ва Украіне?

Сітуацыя ўсё яшчэ жахлівая. Расейскае войска ўсё яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Гэта азначае, што Еўропа і весь свет дазваляюць Расеі быць краінай, якая не толькі пагражае суседзям, але і прадпрымае вайсковыя дзеянні супраць іх. Гэта той жа міжнародны тэрарызм, як у Іраку і Сірыі.

Ва Украіне ідзе сапраўдная вайна. ЕЗ і большасць сусветных лідараў спрабуюць гаварыць аб гэтым так, нібы гэта не вайна, а толькі своеасаблівае аказанне дапамогі тэрарыстам.

Ці пойдзе Пуцін далей?

Калі будзем занадта мяккімі пры прызначэнні санкцыяў ці іх ужыванні, калі не будзем іх рэалізоўваць, думаю, ён будзе спрабаваць аб’яднаць усходнюю Украіну з паўднёвай і Крымам. Калі мы дапусцім гэта, ён можа прасунуцца ў любым кірунку. Праблема ў тым, што пуцінская Расея сёння гатова і прагне вайны. Еўропа і Захад да вайны не гатовыя і ня хочуць яе. У Еўропе і ва ўсім свеце няма сілы, якая можа спыніць Пуціна.

Ці непакоіць Вас, што наступнымі могуць быць краіны Балтыі?

Калі яго не спыніць, ён пойдзе далей.

Ці значыць гэта, што НАТО недастаткова пятага артыкула?

Не. Усе гавораць, што будзе ўжыты пяты артыкул устаноўчай хартыі НАТО (напад на адну з краінаў вайсковага блока будзе лічыцца нападам на НАТО ў цэлым — заўв.«Белсат»). Але гэта не спыніць планы Пуціна, калі не будзе рэальных дзеянняў з боку еўрапейскіх і сусветных лідараў. Яны толькі гавораць. Мы павінны спыніць яго ва Украіне. Пакуль гэта не ўсведамілі. Таму я кажу, што ў Еўропе кіруе Пуцін, а не Захад.

Свет больш занепакоены «Ісламскай дзяржавай», чым небяспекай з боку Расеі.

На жаль, гэта стварае выдатныя ўмовы для Пуціна рабіць тое, што ён хоча. На самой справе так званыя мірныя перамовы ў Мінску праходзілі па пуцінскім ультыматуме.

ЗША накіравалі ва Украіну харчовыя пайкі, але іх раздалі з нямецкіх грузавікоў, каб не злаваць Пуціна. Чаму мы ўсе стараемся не злаваць Пуціна, які адпраўляе сваё войска забіваць і акупаваць тэрыторыю Украіны? Чаму так не рэагуем на тое, што  адчуваюць украінцы? Раней ці пазней мы назавем яго тэрарыстам і злачынцам.

Вы лічыце, што санкцыі не наносяць Пуціну неабходных стратаў?

Іх недастаткова. Але калі ён не спыніцца, быць можа краіны прадпрымуць яшчэ больш жорсткія санкцыі. Кіраўнік украінскай выведкі сказаў амерыканскай службовай асобе, што іх прымусілі пагадзіцца з прапанаваным перамір’ем.  

Еўрапейцы і іншыя краіны папрасілі Пятра Парашэнка пагадзіцца з умовамі, якія для Украіны былі непрымальнымі, паколькі азначалі падзел тэрыторыі Украіны.

Вынікам будзе вайна?

Вайны можна пазбегнуць. Калі абодва бакі гатовыя да вайны, вайны ніколі не адбудзецца. Калі Расея хоча вайны, а Захад стараецца яе пазбегнуць, то Расея будзе ісці наперад, колькі зможа.

Здаецца, ЗША больш зацікаўлены ў ядзерным пагадненні з Іранам.

Гэта праблема. Калі па нейкіх прычынах мы прадаем незалежныя дзяржавы, то за якія маральныя каштоўнасці мы змагаемся?

Вы лічыце, што гэта праўда?

Захад у ваенным плане не дапамагае Украіне. Расея можа рабіць на тэрыторыі Украіны ўсё, што захоча. Усім заходнім лідарам, якія ў XXI стагоддзі дазваляюць агрэсару рабіць у незалежнай дзяржаве ўсё, што ён хоча, мусіць быць сорамна.

Літва знаходзіцца ў складанай сітуацыі.

50 гадоў мы былі акупаваныя, таму ведаем, як трэба сябе паводзіць з гэтым суседам. Здзіўляе, што далёкія краіны, якія ніколі не перажывалі расейскую агрэсію, так баяцца Масквы.

Толькі краіны, у якіх ў Расеяй агульныя межы — краіны Балтыі і Польшча — не маўчаць. Супраць Расеі толькі адна зброя: не маўчаць і быць смелымі, прысаромець заходніх лідараў, якія не бяруць на сябе адказнасць за абарону свабоды, суверэннасці і дэмакратыі ў Еўропе.

ЗК, belsat.eu, паводле ru.delfi.lt, washingtonpost.com

Стужка навінаў