Грузаперавознікі абяцалі спаліць аўты пад Домам ураду. Акцыі не было


Запланаваны на сёння пратэст дробных грузаперавознікаў ля Дому ўраду ў Менску не адбыўся. Акрамя асобаў у цывільным і некалькіх журналістаў на месцы планаванага збору не з’явіўся амаль ніхто.

Яшчэ некалькі дзён таму некаторыя грузаперавозчыкі ў знак пратэсту абяцалі спаліць свае машыны пад Домам ураду. Аднак сённяшні дзень прынёс сваю карэкту. Чаму такое адбылося разумеюць тыя, хто добра ведае, які лёс можа сустрэць у Беларусі нязгодных з уладаю.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ

«Калі страх мацнейшы за волю людзей акцыі не адбываюцца. Улада зрабіла ўсё каб грузаперавозчыкі не прыйшлі да сценаў Дому ураду. Дзеля гэтага яны пайшлі на запалохванне».

Напярэдадні за краты трапіў і сам арганізатар акцыі пратэсту, уладальнік фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода. Учора прадпрымальнік накіраваўся на перамовы з віцэпрэм‘ерам Васілём Мацюшэўскім. У будынку Савету міністраў сувязь з Сяргеем абарвAлася. Пасля стала вядома, што яго прысудзілі да пятнаццаці содняў арышту, нібыта за лаянку.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ

«Гэта рэфлексія ўлады на тыя пагрозы, якія зыходзяць ад малога і сярэдняга бізнесу. Гэта новая ініцыятыва, якая самаарганізавалася. Гэта не вядомыя палітычныя партыі ці грамадскія арганізацыі – гэта нешта новае. А новага ўлады будуць баяцца».

За што змагаюцца грузапервозчыкі? Са словаў уладальнікаў дробных транспартных фірмаў, яны сталіся ахвярамі хібнай працы сістэмы дарожнай аплаты BelTol. Пяці тысячам юрыдычных асобаў цягам трох месяцаў налічылі велізарныя штрафы за нібыта парушэнні ў карыстанні бартавым прыстасаваннем. Сумы фінансавых пакаранняў сягаюць ад адной да некалькіх дзясяткаў тысячаў еўра. Як сведчаць самі перавозчыкі, атрымаць інфармацыю як правільна карыстацца сістэмаю ад самага пачатку было амаль немагчыма.

АНДРЭЙ КЛІМАЎ, ПАЛІТЫК, БІЗНЕСОВЕЦ

«Калі мільён чыноўнікаў з’ядае тое, што мусіць ісці на дарогі, то гэтыя грошы трэба аднекуль узяць. Іх возьмуць ад грузапервозчыкаў. У пенсіянераў такіх грошай няма».

Яшчэ летась Міністэрства фінансаў паабяцала разгледзець магчымасць анулявання штрафаў. Аднак дагэтуль ня сталася і наўрад – станецца.

АНДРЭЙ КЛІМАЎ, ПАЛІТЫК, БІЗНЕСОВЕЦ

«У Беларусі пабудаваная жорсткая вертыкаль улады. Калі ты туды нейкім чынам уваходзіш (дапрыкладу атрымоўваеш ліцэнзію на аўтаперавозкі ці твой бізнес нейкім чынам ліцэнзуецца), ты будзеш выконваць што табе кажуць. У іншым выпадку, цябе пазбавяць і грошай, і бізнесу і свабоды».

Пакрыўджаныя біснесоўцы ўсёж спадзяюцца, што іх голас пачуе найвышэйшая ўлада. Яшчэ да свайго арышту Сяргей Штода апублікаваў адмысловы зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

Але на просьбу адказалі кратамі.

ЯБ,Белсат

Стужка навінаў