Група «Trubetskoy» зняла летні кліп на кампазіцыю «Ірачка»


Беларускі гурт «Trubetskoy» 1 ліпеня прадставіў кліп на новую кампазіцыю «Ірачка».

Па словах лідара гурта Паўла Булатнікава, гэта відэа атрымалася «вельмі летнім, светлым і лёгкім». «Галоўная ідэя кліпу старая як свет – каб сустрэць сваю любоў, часцяком досыць азірнуцца па баках, – распавядае Павел. – Ну, і вакол гэтага навернутыя розныя смешныя гісторыі».

Кліп здымаўся ў Менску, а галоўныя ролі ў ім загралі актор Купалаўскага тэатру і ўдзельнік групы «ZUI» Міхаіл Зуй і выпускніца Акадэміі мастацтваў Вольга Дзятлаўская, падаюць naviny.by.

«Больш за ўсё дубляў мы зрабілі для апошняга кадра, калі Оля заскоквае ў аўтобус да Мішы, – распавядае адзін з сурэжысёраў «Ірачкі» Зміцер Ляўкоўскі. – Адзін з нас бег дамаўляцца з кіроўцам, каб ён зачыняў дзверы толькі пасля нашага сігналу, іншы прасіў людзей у аўтобусе не глядзець у камеру. І ўсё роўна хлопцы некалькі разоў з’язджалі, потым прыязджалі назад, і мы рабілі яшчэ адзін дубль. Адзін раз людзей аказалася занадта шмат, і Мішу смешна прыціснула дзвярыма. У наступным дублі паміж «закаханымі» апынуўся хлопец, які глядзеў у камеру і павольна еў персік, ну і гэтак далей».

«Ірачка» – гэта першы з трох новых кліпаў групы «Trubetskoy», якія маюць выйсці да рэлізу дэбютнага альбому каманды гэтай восенню.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў