Грошы МВФ – тым, хто не ўмее працаваць

video

Моманты атрымання крэдытаў ад МВФ для Беларусі супадаюць з часам пацяплення дачыненняў з Захадам. Бярэ крэдыт Лукашэнка, а выплочваць будуць усе беларусы. Пасля пазітыўнага рашэння МВФ кожны грамадзянін нашай краіны будзе вінны крэдыторам па $ 4 300.

«Давайце жыць так, як Японія!»

Беларусь з 2011 года вяла перамовы з Міжнародным валютным фондам. Прадстаўнікі ўстановы прыязджалі, давалі парады, сустракаліся з чыноўнікамі, і, здавалася, працэс увайшоў у стадыю замарожвання. Як раптам пасля вызвалення палітвязняў, спакойнай выбарчай кампаніі ды зняцця санкцыяў, Менск заяўляе, што дамоўленасці амаль дасягнутыя. Ці ёсць тут сувязь?

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што «ніякі Оўбама не будзе перашкаджаць МВФ зарабляць грошы ў краінах з дрэннымі кіраўнікамі»:

«Яны даюць грошы тым, хто не ўмее працаваць. Скажам, Японія ніколі не брала крэдыты ад МВФ. Кітай ніколі не браў крэдытаў ані ад МВФ, ані ад Сусветнага банку. Давайце жыць так, як жывуць кітайцы і японцы!»

Беларусь набрала крэдытаў больш як на 55 % ад валавога прадукту. То бок кожны грамадзянін павінен замежным крэдыторам $ 4 000. Калі дзяржава атрымае чарговую пазыку ад МВФ, гэтая лічба павялічыцца яшчэ на $ 300.

Жыроўка на 1 800 000 рублёў

Фонд таксама мае свае патрабаванні: правядзенне структурных рэформаў і скарачэнне сацыяльнай праграмы. Праўда, ў Менску на гэта глядзяць інакш:

«Гэта ніякія не рэформы, а нармальнае функцыянаванне дзяржавы. Мы пойдзем толькі на такія паляпшэнні, калі будзем упэўненыя, што, напрыклад, пры падвышэнні тарыфаў на ЖКГ людзі будуць у стане іх аплаціць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Эканамісты сумняюцца, што беларусы пацягнуць новыя жыроўкі:

«Аднапакаёвая кватэра ў рынкавым варыянце – гэта 50 долараў паводле тарыфаў, двухпакаёвая – прыкладна 100, трохпакаёвая – каля 150. Не ўяўляю, як жыхары двухпакаёвай кватэры раптам атрымаюць жыроўку на Br 1,8 млн за месяц – і што яны будуць рабіць», – кажа Леанід Заіка.

І хаця Менску заўсёды ўдавалася толькі часткова выконваць патрабаванні крэдытораў, аддаваць грошы давядзецца цалкам. А дзеля гэтага патрэбныя чарговыя крэдыты. Таму тут МВФ нічога не страціць – грошы абавязкова вернуцца. Акурат сёлета беларусы выплацілі папярэдні крэдыт на $ 3,5 млрд.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

У свежым выпуску «Прасвету» глядзіце:

Даследаванні японскіх навукоўцаў каштуюць жыцці сотням кітоў.

Што ў Арменіі змяніць лягчэй – канстытуцыю ці ўладу?

Цар і султан граюць цягліцамі: чым скончыцца расейска-турэцкае супрацьстаянне?

Глядзі таксама
Каментары