Грэка-каталіцкі хор «Прасфара» з Менску зладзіў тур па Італіі


У касцельных мурах Італіі ўпершыню заспявалі па-беларуску.

Травеньскі тур па Апенінах для «Прасфары» пачаўся з запрашэння на парафіяльнае свята ў невялічкае мястэчка Астэрыя Грандэ непадалёк ад Балонні. Неараманская царква св.Юрыя стала першай бажніцай, якая ласкава прыняла беларусаў.

У сярэднявечнай Балонні чальцы хору выпрабавалі акустыку адразу некалькіх святыняў: св.Сальвадора, св.Франчэска ды заспявалі нават падчас пад’ёму на гарадскую 100-метровую вежу.

Далей, праз Фларэнцыю, хор адправіўся ў Падую, універсітэцкі горад, вядомы беларусам найперш дзякуючы Францішку Скарыне, які вывучаў тут медыцыну. Гэтым разам хор заспяваў у галоўнай універсітэцкай залі, упрыгожанай сотнямі гербаў колішніх студэнтаў.

Сімвалічным фіналам падарожжа стаў выступ у падуанскай царкве св.Карла. І калі ‘Cristo e Risorto’ («Хрыстос Уваскрос» па-італійску) альбо грэцкі Аксіён на гонар Багародзіцы сцены ўжо маглі чуць, то старадаўняя «Багародзіца» альбо «Пад Тваю міласэрнасць» па-беларуску прагучалі тут дакладна ўпершыню.

«Прасфара» – моладзевы хор, створаны пры грэка-каталіцкай парафіі св.Язэпа ў Менску. Хлопцы і дзяўчаты спяваюць духоўныя спевы па-беларуску і царкоўнаславянску.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў