Грэцыя не змагла выплаціць у тэрмін свой доўг МВФ


Міжнародны валютны фонд афіцыйна пацвердзіў, што Грэцыя не выплаціла ў тэрмін пазыку ў памеры € 1,6 млрд ($ 1,8 млрд) пасля таго, як міністры фінансаў еўразоны адмовіліся працягнуць праграму фінансавай дапамогі.

«Мы паведамілі выканаўчай радзе, што Грэцыя ў цяперашні час мае пратэрміноўку запазычанасці і можа атрымаць фінансаванне МВФ толькі пасля таго, як пазыка будзе выплачана», – сказаў прадстаўнік МВФ Джэры Райс (Jerry Rice).

У той жа час міністры еўразоны заявілі, што абмяркуюць прапанову Грэцыі аб новым плане па выхадзе з крызісу, падае Бі-Бі-Сі.

Грэцыя – першая развітая краіна, якая не змагла пагасіць крэдыт МВФ і цяпер афіцыйна мае пратэрміноўку запазычанасці.

Выказваюцца асцярогі, што ў канчатковым выніку гэта можа прывесці да дэфолту і выхаду Грэцыі з еўразоны.

Новая праграма дапамогі

Тэрміны праграмы фінансавай дапамогі Грэцыі скончыліся, і ў краіны больш няма доступу да грашовых фондаў, а значыць яна не ў стане выплаціць доўг МВФ.

За некалькі гадзін да заканчэння тэрміну выплаты прэм’ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас (Alexis Tsipras) папрасіў кароткатэрміновага падаўжэння дзесйнай праграмы і прапанаваў двухгадовы план па выхадзе з крызісу.

Раней кіраўнік Еўрагрупы Ерун Дэйсэльблюм (Jeroen Dijsselbloem) сказаў, што працягваць праграму дапамогі Грэцыі з улікам таго, што Афіны адмаўляюцца прыняць еўрапейскія прапановы, было б сапраўдным вар’яцтвам.

Пасля размовы з іншымі міністрамі еўразоны ён дадаў, што просьба Грэцыі аб новай праграме дапамогі будзе разгледжаная.

Пасля таго як перамовы з крэдыторамі зайшлі ў тупік, Грэцыя закрыла на тыдзень банкі і ўвяла абмежаванні на рух капіталу

Еўракамісія – адна з «тройкі» грэчаскіх крэдытораў, куды таксама ўваходзяць Міжнародны валютны фонд (МВФ) і Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) – хоча ад Афінаў павышэння падаткаў і скарачэння фінансавання сацыяльнай сферы.

На фоне небяспекі грэцкага дэфолту па доўгу ў € 323 млрд людзі ў Грэцыі працягваюць выбудоўвацца ў чэргі да банкаматаў, дзе ім дазволена здымаць не больш за € 60 у дзень.

Грэцкія банкі зачыніліся на тыдзень пасля правалу перамоваў ураду з міжнароднымі крэдыторамі.

Аднак да 1000 філіялаў усё ж адчыняцца з серады для пенсіянераў – шмат з якіх не карыстаюцца банкаўскімі картамі – каб яны маглі зняць да 120 еўра.

У ноч на 27 чэрвеня грэчаскі прэм’ер прапанаваў правесці рэферэндум, на якім будзе вырашацца пытанне ці варта Грэцыі пагаджацца на жорсткія ўмовы крэдытораў (моцнае скарачэнне бюджэтных расходаў), якія могуць уратаваць дзяржаву ад дэфолту. Плебісцыт запланаваны на 5 ліпеня. Брусель ўгледзеў у гэтым кроку Цыпраса жаданне ў аднабаковым парадку спыніць перамовы з крэдыторамі. 

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў