Грамадскі актывіст: На Астравецкай АЭС загінулі каля 10 чалавек

video

Надзвычайныя здарэнні адно за адным. І гэта толькі на этапе будоўлі. Ахвяраю чарговага здарэння на пляцоўцы Астравецкай АЭС зрабіўся рабочы з Расеі, 43-ох-гадовы мантажнік будаўнічых канструкцыяў – на яго ўпаў кіслародны балон. Яшчэ перад тым, як пра трагедыю напісалі афіцыйна, пра яе паведаміў актывіст з Астраўца Мікалай Уласевіч.

«Па маіх крыніцах інфармацыі, дзесьці ўжо такіх выпадкаў адбылося каля дзясятка. Перадапошні выпадак адбыўся дзесьці ў красавіку гэтага года, калі пад коламі МАЗа загінула жанчына. 45-50 гадоў, якая ажыццяўляла ўлік паездак транспартных», – распавёў Мікалай Уласевіч.

– Меры бяспекі? Не чулі!

Знайсці ж сведак той трагедыі было няпроста – людзі баяцца казаць на камеру. Але, як высветліла нашая здымачная група, пацярпелую звалі Наталля Глазко, яна была шматдзетнаю маці.

«Яна машыну як праверыла, казалі, праходзіла, а кажуць кіроўца не заўважыў, зачапіў яе атрымоўваецца», – дзеліцца суседка Наталлі Глазко.

Чаму ж літаральна на першай будове краіны з тэхнікаю бяспекі ды з аварыйнасцю, мякка кажучы, не ўсё ў парадку? Пры гэтым сёлета ў красавіку, прымаючы з візітам генеральнага дырэктара МАГАТЭ, кіраўнік Беларусі запэўніваў высокага госця ў якасным выкананні працаў на будоўлі.

Але факты не на баку кіраўніка Беларусі. За апошнія тры месяцы незалежныя медыі, сярод іх і «Белсат», паведамілі прынамсі пра тры здарэнні на будаўнічай пляцоўцы ў Астраўцы. Самае гучнае з іх адбылося сёлета ў ліпені, калі падчас усталявання на зямлю ўпаў корпус рэактару. Але і тады першым пра здарэнне даведаўся ўсё той жа Мікалай Уласевіч.

Што мяркуюць беларусы?

Зрэшты, на непразрыстасць будовы наракаюць і жыхары Менску.

«Усё роўна хаваюць, нават калі нейкія дробныя праблемы адбываюцца. Гэта, натуральна, крыўдна», – кажа малады хлопец.

«Улічваючы абставіны, што ніхто не ведае, што там робіцца, як яно будуецца, канечне пытанняў шмат. І недаверу шмат да гэтага будаўніцтва», – тлумачыць міначка.

«Нашыя будаўнікі там утаннілі, праект утаннілі. Зразумела, што таксама будзе і з АЭС», – упэўненая жанчына.

Асабліва шмат недаверу ў суседняй Літве, і ён абгрунтаваны: беларуская АЭС мае паўстаць усяго за 50 кіламетраў ад Вільні. Літва неаднаразова прапаноўвала афіцыйнаму Менску стварыць групу міжнародных экспертаў, якая б кантралявала бяспеку на станцыі. Аднак афіцыйны Менск адмыслоўцаў звонку не чакае, а на шматлікія пытанні літоўскага боку дыпламатычна адмоўчваецца.

Алесь Яшчанка, «Белсат», фота – belapan.by

Глядзі таксама
Каментары