Госці рэстарацыі «Поедем поедим» наехалі аўтам на абаронцаў Курапатаў на вачах ДАІ


13 чэрвеня 2018 года. Абаронцы Курапатаў, актывісты Дзяніс Садоўскі (першы злева) і Яўген Батура (крані справа) атрымалі штрафы за выхад на праезджую частку. Фота – радыё «Свабода»

Кіроўца «Мазды» не спыніўся перад абаронцамі Курапатаў, якія пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим». Дзве асобы атрымалі лёгкія пашкоджанні.

Адзін з пацярпелых, Яўген Батура, паведаміў у «Фэйсбуку», што кіроўца наехаў на дваіх чалавек.

«У тым ліку і на мяне, – напісаў Батура. – Сінякі, але невялікія. Калі людзі пачалі абурацца (у сведках было 10 чалавек і два супрацоўніка ДАІ), ён пачаў лаяцца, паддаў газу і нават працягнуў аднаго з нас (Васіля) з метр на капоце. Нават міліцыя была ў шоку».

Пасля здарэння Яўген Батура распачаў відэатрансляцыю ў «Фэйсбуку», у якой бачна, што «Мазда» мае маскоўскую рэгістрацыю.

У відэа кіроўца пытае ўдзельнікаў пікету пра іх палітычныя погляды, а таксама што яны тут робяць і «чаму не працуюць».

На адно з пытанняў удзельніца пікету адказвае яму, што гэта не «ягоная сабачая расейская агрэсарская справа».

Радыё «Свабода» падае, што супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху на кіроўцу, і за выхад на праезджую частку – на пяцёх абаронцаў Курапатаў. Аднак жонка кіроўцы «Мазды», спадарыня С., якая была сведкам сітуацыі, напісала ў «Фэйсбуку», што пратакол склалі толькі на пешаходаў.

Паводле жанчыны, людзі каля рэстарацыі «Поедем поедим» кідаліся на капот машыны і стваралі аварыйную сітуацыю.

«На шчасце, машыну не памялі, – напісала спадарыня С. – Страхавую выклікаць не давялося».

З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі. Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Улетку там збіраюцца адчыніць таксама лазню. Аб’ект належыць кампаніі «Белновотекс груп».

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ДД

Стужка навінаў