Горват: Мы былі металічным пылам, а «Белсат» – вялізным магнітам, які прыцягнуў нас і добра намагніціў


Андрусь Горват

«Гісторыя з «Белсатам» выклікае ў мяне прынамсі дзве думкі, якія пярэчаць адна другой. Першая – «Белсат» патрэбны. Другая – яшчэ больш нам патрэбны свой тэлевізійны канал». Публіцыст з Палесся Андрусь Горват піша пра «Белсат» на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Калі «Белсат» закрыюць, мне шкада тых людзей, што знайшлі сабе на канале прытулак. «Белсат», праўда, даў магчымасць многім беларусам застацца дома і годна жыць: прафесійна расці, рэалізоўваць уменні, амбіцыі.

Мне шкада кантэнту, які мог быць створаны ў наступныя гады. Найперш, дакументальнай відэапрадукцыі. Ніводнае медыа ў Беларусі не мае цяпер такога патэнцыялу.

Я не маю звестак пра тое, які ўплыў «Белсат» мае на фарміраванне ў Беларусі інфармацыйнай прасторы, як змяняе людзей. Магу расказаць толькі пра сябе.

Калі ўявіць, што маё жыццё – гэта вялікая кватэра, то «Белсат» у гэтай кватэры стаў прахадным пакоем. Я працаваў у расійскім кніжным выдавецтве, вырабляў прадукцыю: «Загадки Москвы», «100 удивительных мест России». Аднойчы сябар, які здымаў рэпартажы для «Белсата», запрасіў мяне на супрацу. Так я патрапіў у той пакой і пражыў у ім некалькі год. У гэтым пакоі я ўпершыню ў жыцці атрымаў шангенскую візу і выехаў за заходнюю мяжу. У ім для мяне адкрылася Еўропа і паламалася ўсё ўяўленне пра светабудову. У гэтым пакоі я пачаў пісаць тэксты на беларускай мове. Адбылося гэта пасля курсаў у Беластоку, на якіх мае польскія калегі размаўлялі па-беларуску, а я не ўмеў. Вярнуўся дадому, купіў кніжку і стаў вучыцца. Хадзіў да Лабадзенкі і глядзеў «Моўнік». От, навучыўся.

І гэта не толькі мая гісторыя – гэта гісторыя многіх беларусаў, што павылёталі з белсатаўскага гнязда. Мы былі толькі металічным пылам, а «Белсат» – вялізным магнітам, які прыцягнуў нас і добра намагніціў. Цяпер мы носімся па свеце і разносім беларускі вірус, разносім наша ўяўленне пра сябе і светабудову, якое адкрылася нам з беластоцкіх і варшаўскіх балконаў.

Менавіта з гэтага прахаднога пакоя я знайшоў дзверы ў сваю хату.

Мы з аператарам ехалі здымаць сюжэт для «Белсата» ў Хойніцкі раён. Было пякучае лета, мы захраслі на пустой трасе непадалёк ад Прудка і пякліся на сонцы. Паабапал дарогі ляжалі жытнёвыя палі. Я падыхаў родным паветрам і сказаў:

– От было б добра жыць тут.

Цяпер я тут жыву. І я з’ехаў з вялікага горада ў вёску без страху прапасці, бо ведаў, што магу зарабіць сабе на хлеб дзе заўгодна, пакуль у мяне ёсць «Белсат». Ён даў мне апору і свабоду. Не ОНТ, не СТВ, не «Беларусь-1», а «Белсат».

Вы думаеце, я зноў расказваю толькі пра сябе? А я расказваю шмат гісторый адначасна.

Я пайшоў далей, а хтосьці ў тым прахадным пакоі дагэтуль шукае сваё ўяўленне пра сябе і светабудову. А камусьці той пакой не прахадны, а галоўны. І мне, праўда, шкада гэтых людзей.

Для іх я прашу: «Белсат», жыві!

Для студэнтаў журфака, якім у гэтай краіне няма патэнцыялу расці і развівацца – «Белсат», жыві!

Для кіроўцы маршруткі, які ўмела затроліў аднаго праціўнага дзядзю таму, што глядзеў усе выпускі «Назад у будучыню». Дзядзя расказваў пра СССР, кіроўца – пра Льва Сапегу і бітву пад Воршай. А пасажыры яму адказвалі:

– Ага, ага.

От для гэтага кіроўцы і для яго пасажыраў – «Белсат», жыві!

З іншага боку, ведаеце, я ўспамінаю словы прудкаўской цёткі, якая прыходзіла да мяне саліць агуркі. Яна саліла і казала:

– Цяпер у цябе свае гуркі будуць. А ты не будзеш зімой хадзіць пабірацца.

Разумныя яны – гэтыя прудкаўскія цёткі.

«Белсат» харошы. Ён для нас і пра нас, але ўсё адно да канца не наш. Гэта як грэцкі арэх, які рос за плотам у маіх бацькоў. Арэхі падалі нам на страху дрывотні, мы іх збіралі і лячыліся ад радыяцыі. Потым сусед спілаваў дрэва, і бацька пасадзіў маладыя дрэўцы ў сябе. Цяпер, праз некалькі год, мы маем свае арэхі.

З тэлеканалам тое самае. Ён не вырасце за адзін год, але можа пачаць расці ўжо цяпер. Калі мы яго не пасадзім, будзем збіраць тое, што падае нам ад суседзяў.

Мы будзем збіраць і прасіць: не спілоўвайце, калі ласка, наш-ваш «Белсат».

Андрусь Горват, для baj.by

 

Глядзі таксама
Каментары