Горадня за апошнія 600 гадоў: гісторыкі прэзентавалі новую кнігу


Зборнік «Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы гораду XV-XX стст» змяшчае працы даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы.

У гарадзенскай галерэі «Крыга» адбылася прэзентацыя зборніка «Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада XV-XX стст». Кніга стала вынікам працы даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы, якія прадстаўлялі свае працы на міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Горадні 7-8 лістапада 2014 года. Рэдактары зборніку – Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч. «Гарадзенскі соцыум» – ужо сёмы зборнік, які выходзіць па матэрыялах навуковых канферэнцый. Першыя пяць нумароў выходзілі пад назвай «Гарадзенскі палімсест». Апошні том расказвае пра штодзённае жыццё звычайнага чалавека-гараджаніна.

Зборнік – спроба зразумець соцыум як агульную супольнасць і кожнага жыхара грамадства. Ён дае магчымасць чытачу азнаёміцца з паўсядзённым жыццём гораду ва ўсёй яго разнастайнасці і даведацца, як існавала і развівалася гарадзенская супольнасць у XV-XX стагоддзях.

Акрамя прэзентацыі мела месца дыскусія з удзелам гісторыкаў і ўсіх жадаючых. Абмяркоўваліся пытанні гістарычнага патэнцыялу Горадні, узровень гарадзенскай культуры, пераемнасць пакаленняў гісторыкаў і сучасны стан гарадзенскай гістарычнай школы. Дадзеная дыскусія – адно з мерапрыемстваў таго кшталту, якая дае магчымасць сустрэцца і выказаць сваё меркаванне ўсім, чыя думка не супадае з афіцыйнай. Паказальна, што дагэтуль у іх ніколі не прымалі ўдзел праўладныя гісторыкі.

Глядзі таксама
Каментары