Горадня, якая танчыць


Найлепшыя танцоры гораду на адзін вечар пераўтварылі вуліцу і плошчу Савецкую ў вялікую танцавальную пляцоўку.

Шпацыруючы па галоўнай вуліцы Горадні можна было без перабольшання адчуць сябе, як на здымках новага фільму «Крок наперад». Танцавалі ўсё, што заўгодна: hip-hop, break-dance, tribal fusion, сальсу, бачату, бразільскі зук, кізомбу, усходнія танцы, чырлідынг і іншыя жанры сучаснага танцавальнага мастацтва. Бясплатныя майстар-класы мелі на мэце прынесці крыху радасці гарадзенцам і паказаць, што вольны час можна бавіць не толькі з бутэлькай піва, а ў самых разнастайных танцавальных рытмах.

Сучасны танец проста з Амерыкі, якія носіць назву Vogue, паказаў харэограф Дзіма Дзюк. «Я рэгулярна наведваю майстар-класы розных замежных танцораў. Наш танец раскрывае моцныя індывідуальныя бакі танцора, выпрацоўвае шыкоўную асанку і пластыку. У нас усе ўмеюць прыгожа пазіраваць для фота».

Самымі моднымі кірункамі ў горадзе на дадзены момант застаюцца hip-hop, break-dance і чырлідынг, – кажа харэограф школы ADEPT Артур Швайкоўскі.

«Для нас гэта цудоўная магчымасць паказаць наколькі таленавітая нашая моладзь і чаго можна дасягнуць цяжкай працай і стараннасцю. Па першае, мы прывучаем дзяцей і моладзь да здаровага ладу жыцця, без палення і алкаголю. Трэнуем не толькі цела, але і розум, дух. Мы вучым не толькі танцам, але і выхоўваем, прывучаем да дысцыпліны, вучым сябраваць і самае галоўнае вучым думаць. Без усяго пералічанага добрага танцора не вырасце». На дадзены момант школу ADEPT наведвае болей за 500 вучняў.

Адзін з арганізатараў імпрэзы Сяргей Фінскі, які сем гадоў танцуе бразільскі зук, прывёў прыклад яшчэ адной пазітыўнай асаблівасці танцаў, вельмі актуальнай на сённяшні момант для беларускіх мужчын.

«Гэта вельмі сурёзная эмацыйная разгрузка. Сёння вельмі шмат людзей цяжка працуюць фізічна. Што цікава, пасля самага складанага дня двух гадзін танца хапае, каб цалкам зняць стомленасць і расслабіцца, – кажа Сяргей. – Акрамя таго, калі хтосьці мае сямейныя праблемы, напрыклад дамінуе жаночая палова, у нашым парным танцы ўсё становіцца на свае месцы. Гэта кампенсуе немагчымасць рэалізавацца ў хаце і на якісьці адсотак вырашае сямейныя непаладкі».

Болей за дзясятак танцавальных гарадзенскіх школ навочна прадэманстравалі, што разнастаіць свае працоўныя шэрыя будні, можа кожны ахвотны ў любым ўзросце. А таксама прывесці да ладу свой фізічны і душэўны стан.

Нягледзячы на дождж, танцы доўжыліся да позняга вечара і завяршыліся эфектным танцавальным флэш-мобам на Савецкай плошчы.


Глядзіце ўсе фота:

АК, belsat.eu

Стужка навінаў