Горадня ў чаканні Льва Бакста


Ці стане мастак для Горадні такой жа візітоўкай, як Шагал для Віцебску?

Імя Льва Бакста вядомае зараз далёка за межамі Беларусі. Геніяльны мастак, ілюстратар, аўтар сцэнаграфіі для балетаў Дзягілева, адзін з заканадаўцаў мастацкай моды на арыенталізм на пачатку ХХ ст. Не кожны ведае, што Бакст, сапраўднае імя якога Хайм Розэнберг, нарадзіўся ў Горадні.

Бацька Бакста, Ізраіль Розэнберг быў вядомым знаўцам Талмуду і Торы, але пры гэтым не надта заможным. Ён ажаніўся з дачкой вядомага ў Горадні камерсанта Бакстэра, які займаўся пастаўкамі сукна для расейскага войска, што выратавала сям’ю эканамічна. Тут жа, сярод вузкіх завулкаў габрэйскага збольшага гораду і нарадзіўся ў 1866-м будучы мастак.

У рэстаране «Бакст» пачастуюць габрэйскімі стравамі

На гэтым, як не дзіўна, гарадзенскі след Бакста і сканчаецца. Неўзабаве, сям’я пераехала ў Пецярбург, адкуль і пачаўся ўзлёт сусветнавядомага творцы. Як тлумачыць гісторык Алесь Госцеў, зараз цяжка сказаць нават, дзе жыла сям’я Бакстэраў-Розэнбергаў. Вядома толькі, што найбольш імаверна гэта быў цэнтр гораду, найбольш шчыльна заселены габрэямі.

Нягледзячы на тое, што след Бакста ў Горадні нагадвае след падаючай зоркі паводле сваёй працягласці, культ мастака ў горадзе набывае цалкам канкрэтныя рысы. У адным з новых раёнаў не так даўно з’явілася вуліца Бакста, білборд з партрэтам мастака вітае прыезджых каля чыгуначнага вакзалу, у школах праводзяцца тэматычныя мастацкія пленэры і выставы.

Непадалёк ад Старога і Новага замкаў неўзабаве мае адчыніцца рэстаран «Бакст». Залы будуць аформленыя згодна творамі майстра, а ў меню будуць прысутныя стравы традыцыйнай габрэйскай кухні. Самі ўласнікі кажуць пра сімвалізм такога выбару назвы і эстэтыкі: сёлета прыпадаюць 150-я ўгодкі нараджэння мастака.

Ці згадваў Бакст Горадню ў Парыжы?

Гісторык Андрэй Чарнякевіч, разам з тым, глядзіць на пашырэнне культу не так адназначна.

«Зразумела, што Шагал і Віцебск сталі своеасаблівым прыкладам для гарадзенцаў, стасоўна Бакста. Горадні сапраўды не хапае ўніверсальнага мастацкага бэкграўнду, вядомага далёка за мяжой. Але, у пэўным сэнсе, гэта ўсё ж такі канструкцыя на выраст», – кажа ён.

Чарнякевіч даводзіць, што Віцебск для Шагала ўсё ж такі быў вельмі значным горадам, да якога ён вяртаўся, знаходзячыся нават за тысячы кіламетраў.

Ці ўзгадваў Бакст Горадню ў Пецярбурзе, Парыжы або Амерыцы? Пытанне рытарычнае.

«Прыцягнуць раскручанага мастака для прамоцыі гораду – сапраўды добрая ідэя. Гэта папулярызацыя, прыцягненне турыстаў. Але ці няма тут нейкай штучнасці? Ці не лепш парупіцца аб памяці пра таго ж Напалеёна Орду, які маляваў Горадню ды сядзеў тут у астрозе пасля Паўстання 1863 году?», – працягвае Чарнякевіч.

Для справядлівасці варта дадаць, што і білборд, і адпаведная вуліца, прысвечаная Ордзе, у Горадні ўсё ж такі ёсць. Пры гэтым акварэлі апошняга, хоць і сталі ўнікальнымі сведчаннямі архітэктуры і побыту сярэдзіны ХІХ ст., наўрад ці шырокавядомыя за межамі Беларусі, Польшчы, Літвы ды Украіны.

АК belsat.eu

Стужка навінаў