Google Maps змяніў назвы 70 населеных пунктаў Крыму


Інтэрнэт-сэрвіс Google Maps перайменаваў населеныя пункты ў Крыме не толькі ва ўкраінскай версіі сэрвісу, але і ў расейскай.

У анексаваным Расеяй Крыме змяніліся назвы некалькіх дзясяткаў населеных пунктаў. Гэтак, Краснаперакопск цяпер называецца Яні Капу, раённы цэнтр Чырвонагвардзейск цяпер – Курман, Кіраўскае – Іслям-Церак, а Савецкае – Ічкі. Змены назваў адлюстроўваюцца не толькі ўва ўкраінскай версіі сэрвісу Google Maps, але і ў некалькіх іншых замежных версіях, у тым ліку – у расейскай.

Пры спробах пашукаць гэтыя назвы праз беларускую версію картаў Google, сэрвіс падае тапонімы па-ўкраінску або па-расейску.

Прававою падставаю перайменавання мястэчкаў з боку Google стала прынятая ў траўні Вярхоўнаю Радаю ў межах закону аб дэкамунізацыі пастанова № 4087, якая прадугледжвала наданне новых назваў 70 населеным пунктам і пяці раённым цэнтрам ува часова акупаваным Крыме.

За прыняцце праекту тады прагаласавалі 255 дэпутатаў. Большая частка новых назваў – крымскататарскага паходжання.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары