Гомельскую журналістку аштрафавалі на 9 мільёнаў «за незаконны распаўсюд медыяў»


Незалежная журналістка з Гомля Наталля Крывашэй мусіць выплаціць максімальны штраф за «незаконны выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі». Гэтак пастанавіла суддзя Цэнтральнага раёну Гомлю Марына Дамненка.

Спадарыню Крывашэй вінавацілі паводле ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі») ў тым, што яна разам з іншым гомельскім журналістам-фрылансерам Кастусём Жукоўскім зняла відэаматэрыял пра прычыны самагубства выкладчыцы беларускай мовы Гомельскага ўніверсітэту. Пазней гэты сюжэт з’явіўся на тэлеканале «Белсат», якому ўлады Беларусі больш за 7 гадоў не даюць акрэдытацыі.

«Мы кажам праўду і паказваем праўду, якая яна ёсць, а дзяржаве гэта нявыгадна, бо ў нас хутка прэзідэнцкія выбары, і трэба працягваць ствараць малюнак ціхай і стабільнай Беларусі, дзе ўсё добра», – пракаментавала спадарыня Крывашэй прысуд.

На судзе журналістка заявіла, што «ніякіх сродкаў масавай інфармацыі не вырабляла і не распаўсюджвала», але прысутнічала побач са спадаром Жукоўскім на ягоную просьбу. Карэспандэнтка тры разы выказала недавер да суддзі, хадайнічаючы пра ейны адвод, але безвынікова. Суддзя Марына Дамненка адмовіла таксама ў вядзенні працэсу на беларускай мове, апытанні сведкаў і дапрацаванні пратаколу, які быў складзены без прысутнасці абвінавачанай, дазволіўшы карэспандэнтцы толькі азнаёміцца з матэрыяламі справы.

«Мне далі 50 базавых, напэўна, таму, што суддзя была раззлаваная на мяне. Я ёй тры разы выказвала недавер, і яна на ўсіх гэтых эмоцыях нават не разгледзела справу да канца, не патлумачыла, у чым мяне вінавацяць, хоць я і казала, што я гэтага не разумею. Яна мне не паказала, што менавіта я вырабіла. Яна была вельмі злая, і таму – 50 базавых», – адзначыла журналістка.

Штраф для гомельскай фрылансэркі на 9 млн рублёў (50 базавых велічыняў) – самы вялікі з 21 штрафу, які прысудзілі сёлета журналістам за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў.

Агульная сума прысуджаных сёлета штрафаў паводле гэтага артыкулу складае ўжо больш за 108 млн рублёў (больш за 6000 еўраў), паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Сёння, 10 чэрвеня, у паліклініцы № 20 у Менску затрымалі таксама незалежных журналістаў Аркадзя Несцярэнку і Насту Храловіч, якія размаўлялі з людзьмі пра шматгадзіннае стаянне ў чарзе па талон да лекараў-спецыялістаў. Міліцыянты, якіх выклікала адміністрацыя, завезлі нашых калегаў у пастарунак і трымалі іх там цягам 5 гадзінаў, пасля чаго выдалілі відэа, склалі пратакол апытання ды адпусцілі.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў