Гомельскія «недармаеды» паскардзіліся ў ААН на ўмовы ў ІЧУ, дзе адбывалі арышты


Ілюстратыўнае фота

Жыхары Гомля падалі скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека на «абыходжанне ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) УУС Гомельскага аблвыканкама, якое зневажае чалавечую годнасць». Як паведамляюць праваабаронцы «Гомельскай Вясны», яны паскардзіліся на адсутнасць у камерах гарачай вады, душа і вентыляцыі, холад і скразнякі.

Шасцёра гамельчукоў – Андрэй Макараў, Уладзімір Кацора, Віктар Рубцоў, Дзмітрый Сабураў, Андрэй Толчын і Арцём Шапараў, якія адбывалі вясной адміністратыўныя арышты за ўдзел у акцыях пратэстаў супраць Дэкрэта № 3, – вырашылі звярнуцца ў міжнародную структуру пасля таго, як іх скаргі праігнаравалі суд Савецкага раёна Гомля, Гомельскі абласны суд і Вярхоўны суд.

У калектыўнай скарзе гамельчукі адзначылі «парушэнне Рэспублікай Беларусь артыкула 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (павагу годнасці, якая ўласціва чалавечай асобе) і артыкула 14 пакта (адмова ў правасуддзі)».

«Натуральнае асвятленне ў камерах ІЧУ адсутнічае, яны кругласутачна, нават ноччу падчас сну, асвятляюцца яркім штучным святлом, з-за чаго вочы ўвесь час напружваюцца. У камерах было вельмі холадна: ноччу каля 7, днём 12-14 градусаў, з вокнаў і дзвярэй пастаянна дзьмуў скразняк. Радыё тут уключаецца кругласутачна і настолькі гучна, што мы былі вымушаныя закрываць вушы », – узгадвае свае 12 содняў у ізалятары Уладзімір Кацора.

«Супрацоўнікі ІЧУ адмовіліся прыняць перададзеныя мне прадукты харчавання, цыгарэты, цёплыя рэчы і сродкі асабістай гігіены, кнігі і асабістую паштовую карэспандэнцыю, якая паступае на мой адрас, аддаўшы ўсё гэта мне толькі ў дзень вызвалення», – адзначыў Віктар Рубцоў, які адбыў 14 содняў арышту.

Андрэй Толчын распавёў, што не паліць сам, аднак на працягу 8 содняў арышту быў вымушаны дыхаць пракураным паветра побач з сукамернікам. Сітуацыю пагоршыў той факт, што абавязковыя штодзённыя прагулкі яму не дазвалялі.

Гэта не першы выпадак, калі грамадзяне Беларусі падымаюць на міжнародным узроўні пытанні пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ. Як распавёў гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, у КПЧ ААН разглядаюцца скаргі праваабаронцы Валянціна Стэфановіча і актывіста Ягора Баброва, якія скардзяцца на ўмовы ўтрымання ў ЦІП на Акрэсціна ў Менску.

КА, belsat.eu

 

 

 

Глядзі таксама
Каментары