Чыноўнікі тлумачаць, чаму гэтак зацята бароняць бюст Калініну ў Светлагорску


Бюст Калініну ў Светлагорску – «твор манументальнай скульптуры», таму дэмантажу не будзе.

Светлагорскі актывіст Аляксей Блажэвіч, абскардзіў адмоўнае рашэнне райвыканкаму аб дэмантажы помніка Калініна, у аблвыканкаме. Абласное кіраўніцтва, як і раённае, абараняе бюст «усесаюзнага старасты», спасылаючыся на важнасць яго асобы:

«Гістарычныя падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў пачатку мінулага стагоддзя на Беларусі звязаны з асобай М.І.Калініна, выдатнага дзяржаўнага савецкага дзеяча, аб чым сведчаць мемарыяльная дошка на будынку кінатэатра па вул. Камунараў у г.Гомлі, а таксама назвы вуліц у шматлікіх населеных пунктах вобласці».

Між тым, Калінін не з’яўляецца ўраджэнцам Беларусі. Больш за тое, ён выступаў супраць другога ўзбуйнення Беларусі ў 1926 годзе, «здаваў» сваіх паплечнікаў і ўдзельнічаў у масавых сталінскіх рэпрэсіях.

«Асабістая думка» светлагорскага актывіста, аб дэмантажу помніка Калініна, якую «падзяляюць нешматлікія прыхільнікі, <…> не адпавядае поглядам большай часткі насельніцтва на мінулае нашай краіны», – гэтак лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэту, І.В.Даўгала.

«Нешматлікія прыхільнікі» дэмантажу бюста камуністычнага функцыянера, якіх мае на ўвазе абласное кіраўніцтва – гэта тры дзясяткі чалавек. Калі б не ўціск міліцыі на актывіста Аляксея Блажэвіча, што збіраў подпісы супраць «усесаюзнага старасты», нязгодных з пераездам бюста Калініна з раённай вёскі Прудок у горад, было б болей.

Светлагорскія актывісты лічаць нелегітымным рашэнне Светлагорска райвыканкаму «Аб пераносе М.І Калініна» №1457 ад 26.08.2016 года, якое прынята са спасылкай на рашэнне Светлагорскага раённага Савету дэпутатаў ад 12 мая 2016 года №138 «Аб рабоце мясцовых органаў улады па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Бо насамрэч такога рашэння Светлагорскага раённага Савету дэпутатаў няма. Ёсць жа толькі рашэнне Прэзідыума Светлагорскага Савету дэпутатаў. А раённы Савет дэпутатаў і Прэзідыум Савету дэпутатаў – дзве розныя ўстановы.

Аляксей Блажэвіч працягвае змагацца з уладамі за дэмантаж бюста Калініна на аднайменнай вуліцы Светлагорска. Актывіст ужо даслаў скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта.

А.А., belsat.eu

Стужка навінаў