Гомельскі гонар: у горадзе над Сажом адкрылася выстава ўнікальнай тэхнікі драўнянай скані


У цэнтральнай бібліятэцы гораду адкрылася выстава Міхаіла Лізагуба – майстра прыкладнога мастацтва, які з дапамогаю драўнянай габлюшкі выкладае незвычайныя ўзоры і творы.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Унікальнасць тэхнікі драўнянай скані ў тым, што яна распаўсюджана толькі на Гомельшчыне. Праз гэта яе часта называюць «гомельскай» ці «сожскай». Каля вытокаў гэтага віду майстэрства стаяў Уладзімір Цыкуноў, які ў 1990-я годы змайстраваў адмысловы станок, які вырабляў габлюшку неабходных памераў. Новым відам мастацтва ён апантаў сваіх знаёмых і сяброў, якія цяпер (майстар памёр у 2008 годзе) працягваюць яго справу.

Адным з іх з’яўляецца Міхаіл Лізагуб – філолаг па адукацыі, які праз незапатрабаванасць сваёй прафесіі перакваліфікаваўся ў настаўніка працоўнага навучання, пра што не пашкадаваў дагэтуль:

«Я не сам прыйшоў да гэтага, а ўбачыў, як гэта робяць іншыя і навучыўся ў іх. Набыў станок і пачаў ствараць. Звычайна падбіраеш неабходную па якасці драўніну, майструеш габлюшку патрэбнага памеру, а пасля ўжо з дапамогай пінцэту і пэндзля выкладваецца ўзор. Клеіцца ўсё нітралакам, каб твор хутка высыхаў. Каля года ў мяне заняў працэс адаптацыі, прывыкання і пошуку свайго падыходу ў гэтым відзе майстэрства».

Выстаўленыя працы аб’яднаныя назваю «Мая Беларусь», якая ў аўтара рэпрэзентаваная бусламі ды зубрамі.Апантаны чароўным Палессем аўтар зазначае, што вельмі любіць птушак, таму часта далучае да тэхнікі сожскай скані і звычайныя разьбяныя фігуры. У гэтым і яго адрозненне ад майстроў «першай» генерацыі – вучні Уладзіміра Цыкунова раней выкладвалі свае творы выключна сканню, але мастацтва развіваецца і цяпер часта можна заўважыць працы, выкананыя ў розных тэхніках.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Працы, выкананыя ў тэхніцы сожскай скані, маюць у сваіх калекцыях Біл Клінтан, каралеўна Вялікай Брытаніі Елізавета ІІ, Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI. Творы Міхаіла Лізагуба ёсць у Шатландыі, Англіі, Нямеччыне, Італіі і іншых краінах. Кошт падобных вырабаў звычайна пачынаецца ад 80-100 еўра і можа сягаць некалькіх сотняў.

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

«Каб распаўсюдзіць гэты від майстэрства сёння трэба адкрываць гурткі і прыцягваць да гэтага моладзь, бо за распаўсюдам менавіта беларускага мастацтва – нашая будучыня, – лічыць Міхаіл. – У гімназіі № 58, у якой я раней працаваў я вёў гурток разьбы па дрэве. Пасля 9-га класа ўсе вучні абаранялі дыпломную працу і такім чынам я выпусціў 10 чалавек, што навучыліся гэтай тэхніцы».

Магчыма такім чынам унікальную з’яву – гомельскую скань здолеюць яшчэ болей папулярызаваць у свеце, бо менавіта сваё – найлепшы повад для гонару кожнага беларуса.

Яўген Мерлінаў, belsat.eu

Стужка навінаў