Гомельскі райвыканкам забірае градкі ў старога дзеда


Жыхары пасёлку Юбілейны спрабуюць абараніць права на валоданне сваймі дачнымі ўчасткамі непадалёк ад населенага пункту. Гомельскі райвыканкам прыняў рашэнне аб іх ліквідацыі. Аднак уладальнікі лічаць яго неабгрунтаваным і нялюдскім.

«Кавалачак зямлі – гэтых 4 соткі яны адбіраюць! Гэта ўлада? Гэта ўлада?», – скардзіцца пенсіянер Віктар Дзямʼянчык.

«Я вельмі хварэю. Таблетак шмат пʼю. Грошай трэба шмат плаціць. А вось агарод для мяне – таблетка. Я прыйду клубнічку зʼем, памідорчыкі, агурочка. Я ўсё лета тут працую, і ў мяне здароўе хоць трохі зʼяўляецца», – распавядае Лідзія Дзямʼянчык.

Яшчэ сорак гадоў таму «Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі» прыняло рашэнне ўзнагародзіць найлепшых працаўнікоў і вылучыла для іх дваццаць тры зямельныя ўчасткі. Былі дакументы. З таго часу мясцовыя жыхары – а цяпер гэта ў асноўным пенсіянеры – займаюцца тут градкамі. Акрамя гародніны, зямлю засадзілі пладаноснымі фруктовымі дрэвамі.

«Мой свёкар на гэтай зямлі працаваў, і мой муж працаваў. Я цяпер удава і павінна застацца без участка?», – кажа праз слёзы Ніна сердзюкова.

Прадстаўнікі «Беларускай чыгункі» яшчэ вясною паведамілі, што карыстацца зямлёю дазволена, трэба толькі атрымаць афіцыйную паперу ад гарвыканкаму. Але чыноўнікі такую паперу даваць адмаўляюцца, бо паводле ўказу кіраўніка краіны ад 2007 года агародніцтвам па-за межамі населенага пункту займацца нельга. Таму ўжо да 17 кастрычніка, паводле гарвыканкаму, належыць цалкам сабраць ураджай, а ўчасткі – прыбраць.

«Нам ніхто ніякай гарантыі не дае, што вось тут будзе тое – то і тое – то, вы вызваліце – гэта вельмі важна для дзяржавы. Нам ніхто не сказаў, для чаго вызваляецца гэта», – распавядае ўладальніца ўчастку.

Каб знайсці адказы на ўсе гэтыя пытанні, мы датэлефанаваліся ў прыёмную кіраўніка справамі Гомельскага райвыканкаму Аляксандра Ткачова. Аднак, каментара так і не атрымалі.

Цяпер жыхары пасёлку маюць намер звяртацца па дапамогу ў суд ды вышэйшыя інстанцыі. У сваю чаргу, гомельскі юрыст Леанід Судаленка сцвярджае, што пазітыўных вынікаў гэта ня дасць.

«Я не бачу ніякіх судовых перспектыў. Толькі дзеянні чыноўнікаў можна абскардзіць, але ставіць пытанне, што вось аддайце мне пажыццёвае валоданне гэтымі зямельнымі ўчасткамі, чалавек не можа і не мае права, паводле заканадаўства, ставіць так пытанне», – тлумачыць юрыст Леанід Судаленка.

Паводле ж саміх уладальнікаў участкаў, здавацца яны не збіраюцца. А васьмідзесяці-чатырох-гадовы пенсіянер Віктар Дзямʼянчык і зусім заявіў, што гатовы змагацца за сваю зямлю з віламі ў руках. Людзі ў роспачы і гатовыя пайсці на ўсё, каб адстаяць зямлю, якая ў такі цяжкі для краіны перыяд застаецца для іх практычна адзінаю крыніцаю харчавання.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары