Гомельская прадпрымальніца: Будзем стаяць на плошчы і патрабаваць імпічменту!


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGTGo3SF8tUXRmeUklMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Грамадскае абʼяднанне «Перспектыва» збірае 1 лютага некалькі соцень ІП у менскім гатэлі «Пекін». Запрашэнне атрымалі ўсе зацікаўленыя ведамствы краіны. Калі ж улады спробу дыялогу праігнаруюць, прадпрымальнікі абяцаць выставіць ужо больш радыкальныя патрабаванні.

У чацвер, 28 студзеня, некалькі соцень прадпрымальнікаў хадзілі маршам да аблвыканкаму ў Віцебску, 29 студзеня прыйшла пара на іхных гомельскіх паплечнікаў. З пустых рынкаў больш за 300 бізнесоўцаў рушылі да мясцовага аблвыканкаму. Як дагэтуль канкрэтных сустрэчных прапановаў ад уладаў не было, што ж будзе, калі стаўленне не зменіцца?

ЛАРЫСА КАВАЛЁВА, ІНДЫВІДУАЛЬНАЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦА:
«Мы, калі нас не пачуюць, будзем хадзіць сюды штодня і крычаць! І ўдзень і ўначы змушаць іх, каб нас пачулі. І ў Менску будзем крычаць, каб нас пачулі, хутка і лозунгі пойдуць – будзем крычаць: «Імпічмент!»

Не чакаючы на такія лозунгі, да прадпрымальнікаў выйшлі мясцовыя чыноўнікі. Як прызнаюць, указ № 222 – не ідэальны, але пратэставаць сэнсу няма, маўляў, іншыя ж неяк працуюць.

БАЛЯСЛАЎ ПІРШТУК, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ГОМЕЛЬСКАГА АБЛВЫКАНКАМУ:
«Так, ёсць пытанні афармлення ў дакументах, ёсць пытанні ў штрафных санкцыях, над гэтымі пытаннямі адпаведныя службы цяпер працуюць, я ўпэўнены, што ўсё нармалізуецца і ўсё будзе нармальна».

У сваю чаргу прадпрымальнікі мяркуюць, што адпаведныя службы маглі б заняцца ўказам перад тым, як уводзіць яго ў жыццё. Пакуль жа…

АЛЯКСЕЙ ДАВЫДОЎСКІ, ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ПРАДПРЫМАЛЬНІК:
«Мы працуем паводле нормаў 222-га ўказу – то бок няма дакументаў, значыць мы не можам выйсці і гандляваць – вось так. Мы дакладна выконваем указ № 222».

Пад канец мінулага году па рынках краіны пракацілася хваля распродажаў, прадпрымальнікі спяшаліся пазбыцца тавару, які яны не проста не змогуць прадаць, згодна з указам № 222, але могуць атрымаць штраф ды пазбавіцца прадукцыі. Рэкордна нізкія кошты змяніліся пустымі гандлёвымі пляцоўкамі, а ўлады, здаецца, і не заўважалі праблемы.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«З 1-га студзеня скончыліся іхныя мядовыя гады і трэба працаваць у роўных умовах з адпаведнымі дакументамі, і трэба ім разумець, што сертыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі – гэта толькі першы крок».

У выніку толькі за апошні тыдзень пратэсты ды масавыя сходы прадпрымальнікаў пракаціліся па ўсёй краіне – ад Горадні да Горак, і ад Берасця да Віцебску. Ужо ў найбліжэйшы панядзелак у сталічным гатэлі «Пекін» грамадскае абʼяднанне «Перспектыва» склікае форум прадпрымальнікаў.

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, СТАРШЫНЯ ГА «ПЕРСПЕКТЫВА»:
«Нашае асноўнае патрабаванне – гэта перамовы з урадам або з прэзідэнтам. Асноўнае патрабаванне, каб прадпрымальнікі ўвайшлі ўва ўсемагчымыя кансультацыйныя саветы, Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце. І каб яны ўдзельнічалі ў распрацоўцы ўказаў і законаў, якія датычаць іх».

Паводле індывідуальных прадпрымальнікаў, сітуацыя выглядае так, нібыта буйны бізнес прыняў рашэнне за дробны. Таму запрашэнні на форум выслалі таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта, айчынным чыноўнікам, амбасадарам краінаў Еўразвязу, ЗША і Расеі. На сёння, акрамя прадпрымальнікаў, на сустрэчу збіраюцца прыйсці дыпламаты Францыі, Нямеччыны ды ЗША.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў