Гомельская міліцыя: «Амрыева з Добрушу забралі расейскія сілавікі»


Супярэчлівая інфармацыя паступае пра тое, як і пры якіх абставінах чэмпіён свету па ММА Мурад Амрыеў, затрыманы ў Добрушы, быў перададзены расейскім сілавікам.

Учора паведамлялася, што ўвечары ад РАУСа выехалі дзве калоны па тры аўто, у адной з якіх вывезлі на мяжу Амрыева. Аднак сёння адвакат Пётр Заікін у інтэрвʼю «Новой газете» паведаміў, што вечаровы вываз Амрыева з РАУСа быў фэйкавы.

«Фэйкавую выезд з РАУС Добрушу быў звязаны не столькі з тым, каб скінуць хвост з журналістаў і адвакатаў, колькі з агульным узмацненнем РАУС Добруша, якое адбылося, калі ў Добрушы была зафіксавана група чачэнцаў. Менавіта таму спачатку былі дзве фэйкавыя калоны. Прыкладна а 12-й ночы Мурада Амрыева вывезлі пад узброенай аховай ва УУС Гомеля. У тры гадзіны ночы перадалі ФСБ і МУС Расеі. Перадача адбылася ноччу на мяжы з Расеяй, у вёсцы Харашоўка Гомельскай вобласці, на другім баку знаходзіцца расейская вёска Лысая. Пры перадачы з нашага боку прысутнічала прадстаўнікі МУС РФ», – заявіў Заікін.

Але ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму заявілі «Белсату», што да іх Мурада Амрыева не прывозілі.

«Амрыеў яшчэ ўчора быў перададзены Расеі. Да нас яго не прывозілі. З Добрушу яго забралі расейскія сілавікі», – паведамілі ў міліцыі.

У Добрушскім РАУСе ад каментароў адмовіліся.

Паводле «Новая газеты», у дадзены момант Амрыеў знаходзіцца ў супрацоўнікаў ФСБ. Забраць Амрыева ў ФСБ Рамзан Кадыраў даручыў дэпутату Дзярждумы Адаму Дэлімханаву, паведамляе выданне.

Сёння стала вядома, што маці і сястра затрыманага пакінулі Чачэнію, баючыся за сваё жыццё.

4 чэрвеня Амрыева затрымалі ў Бранску па падазрэнні ў выкарыстанні падробленых дакументаў. Яго пратрымалі двое содняў у паліцыі, пасля адвезлі ў Следчы камітэт. 6 чэрвеня ён скочыў праз вакно і збег з будынку транспартнай пракуратуры, дзе яго спрабавалі затрымаць чачэнскія сілавікі, каб адвезці на радзіму.

Раніцай 8 чэрвеня Мурада Амрыева затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце «Весялоўка». Адтуль яго даставілі ў пастарунак у Добрушы.

У 2013 годзе Амрыеў паведамляў праваабаронцам, што яго скралі і катавалі чачэнскія сілавікі. Праваабаронцы паведамлялі, што Амрыева выкралі, каб прымусіць ягонага старэйшага брата вярнуцца ў Чачэнію з Нямеччыны.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў