Гомельскага архітэктара прызналі датычным да падрыву рэпутацыі кампаніі, што будуе шматпавярховікі на габрэйскіх могілках


Эканамічны суд Гомельскай вобласці прызнаў архітэктара і ўрбаніста Сяргея Ляпіна датычным да падрыву бізнес-рэпутацыі кампаніі «УКС-Дронга», што будуе шматпавярховікі на вуліцы Сожская ў Гомлі.

Паводле версіі пазоўніка, Ляпін напісаў у артыкуле, што будоўля вядзецца на чалавечых парэштках. Між тым, ён даводзіў толькі пра неабходнасць правесці археалагічнае даследаванне пляцоўкі перад пачаткам будоўлі, што раней мелася належаць да габрэйскіх могілак. Цяпер жа архітэктар мусіць скампенсаваць судовыя паслугі памерам 300 рублёў.

«Падчас разгляду справы зʼявіўся доступ да тых дакументаў, перапіскі, якая вялася паміж гарвыканкамам і інстытутам гісторыі, зʼявіліся ўсе гэтыя лісты, і цяпер дакладна можна казаць, у якім месцы і дзе былі парушэнні», – кажа архітэктар Сяргей Ляпін.

«Я перакананая, што гэтыя дзеянні каардынуюцца з дзеяннямі ўлады. Таму што тут задача – проста растаптаць, прынізіць Сяргея Ляпіна ў вачах грамадскасці, таму што ён уздымаў не першы год горадабудаўнічыя праблемы», – прадстаўніца Ляпіна ў судзе Марыя Булавінская.

Месяцы судовых разбіральніцтваў у спробе адстаяць свой гонар, годнасць і бізнес-рэпутацыю скончыліся рашэннем не на карысць Сяргея Ляпіна і ў выніку судовага працэсу з газетаю «Гомельская праўда». Сёлета ў чэрвені ён падаў позву ў суд на дзяржаўнае выданне, якое ў шэрагу сваіх публікацыяў абвінавачвала яго ў хлусні, правакацыях і нават – парушэнні нацыянальнай бяспекі. З пагардаю да сваёй асобы на старонках «Гомельскай праўды» Ляпін упершыню сутыкнуўся пасля таго, як пачаў крытычна выказвацца наконт рэканструкцыі гомельскіх вуліцаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары