Гомельскага актывіста Кастуся Жукоўскага арыштавалі пры невядомых абставінах


У Гомлі пры нявысветленых абставінах затрымалі і скіравалі адбываць 10 дзён адміністратыўнага арышту мясцовага грамадскага актывіста Кастуся Жукоўскага.

Як паведамляюць naviny.by са спасылкай на БелаПАН, жонка актывіста Алена Жукоўская прыкладна з абеду 20 лютага не магла дазваніцца да мужа. Увечары Алене патэлефанавала невядомая жанчына, якая сказала, што Кастусь Жукоўскі арыштаваны на 10 содняў.

У Цэнтральным РАУС Гомля пацвердзілі, што такога грамадзяніна дастаўлялі ў аддзел «за дробнае хуліганства ў аблвыканкаме». У ізалятары часовага ўтрымання таксама пацвердзілі, што затрыманы знаходзіцца ў іх.

Абставіны і прычыны затрымання невядомыя.

29 студзеня 2015 года суд Светлагорскага раёну аштрафаваў Кастуся Жукоўскага і гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову па 900 тысячаў рублёў кожнага за тое, што яны асвятлялі спробу адзіночнага пікету інваліда першай групы Юрыя Ляшэнкі. 

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары