Гомельскага актывіста будуць судзіць за пікет супраць растрэлаў


Гомельскага актывіста Мікалая Пяшко будуць судзіць за правядзенне ў цэнтры горада несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КоАП). Адпаведны пратакол у дачыненні да яго склалі 18 жніўня ў аддзяленні міліцыі Цэнтральнага РАУС Гомеля, куды яго напярэдадні выклікалі па тэлефоне.

Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», падставай для складання пратаколу паслужылі фатаграфіі з месца правядзення пікета, зробленыя з камер відэаназірання ўнівермага «Гомель».

«У перыяд часу з 14.00 да 15.00 гадзін 9 жніўня Пяшко М.І., знаходзячыся на пляцоўцы перад універмагам «Гомель» па вул. Савецкая, 60 у Гомелі правёў пікет за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі з парушэннем устаноўленага парадку правядзення такіх мерапрыемстваў паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні», – напісана ў пратаколе.

«Я запытваў, як таго патрабуе заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, за 15 дзён дазвол на правядзенне пікету, аднак улада мне ў гэтым адмовіла. Нацыянальны закон забараняе арганізоўваць мірныя сходы тым асобам, якія раней прыцягваліся да адказнасці за ўдзел у такіх сходах. Мяне за ўдзел у акцыях пратэстаў вясной гэтага года двойчы прыцягвалі, я быў вымушаны плаціць буйны штраф і адбыць у ІЧУ 7 сутак арышту», – каментуе актывіст.

Нягледзячы на ​​забарону гарадскіх уладаў, Пяшко разам з іншымі актывістамі выйшлі на вуліцу, дзе раздалі мінакам тэматычныя ўлёткі і кнігі «Каму патрэбна смяротнае пакаранне». Такім чынам, яны хацелі прыцягнуць увагу да абвешчанай Amnesty International акцыі супраць смяротнага прысуду жыхару Нароўлі Аляксею Міхаленю.

Да іншых удзельнікаў акцыі міліцыя пакуль не звярталася.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў