Гомельшчына: людзі перакрылі вуліцу, каб ім паклалі асфальт

video

Папрасілі лепшае, а атрымалі горшае. Замест ранейшага дзіравага асфальту цяпер на вуліцы Міру – адсеў ад друзу. Жыхары вуліцы Міру з такім рамонтам дарогі не пагадзіліся ды зладзілі мірны пратэст.

«Мы дарогу перакрылі з мэтай таго, каб нам зрабілі па-чалавечы, не гэты пыл, а паклалі асфальт!», – звярнула ўвагу жыхарка вуліцы Міру.

І кіраўніцтва ў асобах кіраўніка ды ідэолага Ельскага райвыканкаму ў гарачы пункт з’явілася, але адказаць ні нам, ні людзям не захацела.

«Быў такі-сякі асфальт, але яго ўзарвалі ў суботу ў спешным парадку»,

«Вось гэтым засыпалі ды сказалі, будзеце жыць да самай смерці»,

«Нам казалі: асфальту ніякага не чакайце – гэта ўсё што будзе. Дзеці алергікі – дыхаюць гэтым пылам»,

– паскардзіліся мясцовыя жыхары.

Няма дарогаў, але ёсць радыяцыя

Ельскі раён лічыцца найбольш пацярпелым ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, менавіта гэты раён на сёлетнія ўгодкі чарнобыльскай катастрофы наведаў уласна кіраўнік краіны, каб сказаць жыхарам, што ўмовы іхнага жыцця палепшацца. Але лепшаю зрабілася адно тая дарога, па якой праязджаў картэж Лукашэнкі.

«Трэба стварыць такія ўмовы, асабліва ў сельскай мясцовасці, у раённых гарадах, каб моладзь, нашыя дзеці імкнуліся вярнуцца ў гэтыя гарады, каб яны не імкнуліся збегчы ў нейкі вялікі густанаселены горад. І мы гэта зробім», – абяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Мясцовыя ўлады, відаць, зразумелі па-свойму: каб спыніць ад’езд жыхароў, папросту развярнулі дарогу. І цяпер насельнікі вуліцы Міру сваю светлую будучыню спрабуюць разгледзець паміж клубамі пылу. Больш сціплымі сталі і іхныя жаданні:

«Хаця б вярнулі нам той асфальт, што быў на ямках», – падсумавала жанчына.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары