Гомель: хлопец атрымаў 1,5 гады «хатняй хіміі» за нацыяналістычныя карцінкі ў сацсетках


У Гомлі 22-гадовы менеджар быў прысуджаны да 1,5 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову за «злачынства супраць грамадскай маралі». У хлопца таксама канфіскавалі ноўтбук.

Як піша газета «СБ-Беларусь сегодня», 22-гадовы жыхар Гомля размясціў на сваёй старонцы ў сацсетках файл з малюнкамі з вольнага доступу ў інтэрнэце. На іх звярнулі ўвагу падчас маніторынгу супрацоўнікі міліцыі. Файл прааналізавалі эксперты і прыйшлі да высновы, што яго змест «накіравана на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкметах нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасці». Была распачатая крымінальная справа.

Што менавіта было на гэтых малюнках у сацсетках «СБ» не ўдакладняе. Пры гэтым газета паведамляе, што хлопец быў падпісаны на «суполкі нацыянал-сацыялісцкага толку».

«Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у злачынстве супраць грамадскай маралі, міру і бяспекі, негатыўным ўплыве на маральнае развіццё моладзі і ў фармаванні схільнасці да гвалту», – заявілі ў Гомельскай абласной пракуратуры.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў