Гомель адсвяткаваў Купалле


У ноч з 20 на 21 чэрвеня гомельская «Талака» зладзіла ў Веткаўскім раёне святкаванне аднаго з найбольш адметных беларускіх традыцыйных святаў – Купалля.

Як вядома, менавіта ў дні летняга сонцастаяння прачыналіся змрочныя сілы прыроды, якіх трэба было адагнаць і адвабіць з дапамогай ачышчальнага агню, што сімвалізаваў сонца. Яго жыватворную сілу ўспявалі ў песнях і карагодах, адлюстроўвалі ў сэнсавых частках абраду.

Гэтым разам блізу 80 маладзёнаў з розных куткоў Беларусі і госці з Украіны сабраліся, каб адзначыць самы доўгі дзень у годзе не самым трывіяльным чынам. Падрыхтоўкай да Купалля каля мястэчка Хальч, што на Веткаўшчыне, займаліся хлапцы. Яны насілі бярвенні для вогнішча, майстравалі доўгі кій з колам ды ладзілі арэлі. Дзяўчаты тым часам пад чароўныя спевы выпраўляліся ў пошуках зёлак для вянкоў, гушкаліся на арэлях для таго, каб быць здаравейшымі і прыгажэйшымі.

Пасля сканчэння падрыхтоўкі за святочным «сталом» усіх сабрала традыцыя «келіха кола» – госці віталіся, знаёміліся, выказвалі свае пажаданні прысутным і частаваліся абрадавай яешняй ды адмыслова звараным крупнікам.

Яўген Меркіс, старшыня гомельскай «Талакі»: Традыцыйныя святы беларусаў – вялізная крыніца ведаў, якія назапасілі нашыя продкі. У іх у відзе песняў, танцаў, адзення, узораў і самых розных тэмаў выражаны светапогляд і ментальны код тутэйшага краю. Без ведання гэтага, як і нашай гісторыі мы губляемся ў свеце, не ганарымся сваім, імкнемся да чужых ідэалаў і мэтаў. Нацыя, якая ганарыцца сваім мінулым здольная супрацьстаяць любым уплывам і ідэалогіям.

Працягвалі з распальвання вялікага вогнішча. Паяднаныя ў вялікі карагод удзельнікі спявалі абрадавыя песні. Пад гукі дуды ладзіліся танцы, гульні. Пасля таго, як купальскае вогнішча дагарала наступаў чарод скокаў праз яго з мэтай ачышчэння ад злых духаў.

Чароўным ранкам дзяўчаты выпраўляліся сплаўляць свае вянкі на вадзе

Пятро Цалка, загадчык філіяла Веткаўскага музею ў Гомлі: Шматлікія абрады якія мы бачым на Купаллі, гэта ўсё тое, што амаль цалкам сышло ў нябыт у прамым сэнсе слова. Гэта асабліва характэрна для купальскіх спеваў на Палессі, на Гомельшчыне ды Веткаўшчыне. Таму дзякуючы такім святкаванням мы паказваем, што досыць вялікі пласт хутка знікне. Дзякуючы абрадавым дзеям народ убачыць што гэта ёсць насамрэч і жыве. Можна назваць гэта нават нейкім постфальклорам, але гэта дзеі, гэта рэчаіснасць і варта памятаць, што любы фальклор меў змены – і ў XVII, XVIII і ў ХХ стагоддзях, а цяпер – і ў XXI-м. 

Яўген Мерлінаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары