Годнасць і надзея: як украінская армія стала новым сімвалам незалежнасці


Украіна адзначае Дзень незалежнасці. Вайсковы парад у цэнтры Кіева дэманструе, як моцна змянілася не толькі армія, але і само ўкраінскае грамадства за апошнія тры гады – ад часу зрынання ўлады Януковіча.

У парадзе бяруць удзел больш за 4,5 тысячы вайскоўцаў, вялікая частка з іх – ветэраны баявых дзеянняў на ўсходзе краіны. Адначасова ў Кіеве праходзіць маштабная статычная выстава баявой тэхнікі ўкраінскай арміі. Гэта ўкраінская армія, якую нацыя будуе на новых прынцыпах. Як яна нарадзілася?

Тое, што мёртвае, памерці ня можа

Новы этап гісторыі ўкраінскай арміі пачаўся вясной 2014 году, калі расейскія войскі без апазнавальных знакаў вышлі са сваіх вайсковых базаў у Крыме, захапілі галоўныя камунікацыі на паўвыспе і заблакавалі ўкраінскія ваенныя абʼекты.

Выкарыстоўваючы агрэсіўную прапаганду і распальваючы нянавісць паміж украінскімі грамадзянамі, расейскія СМІ і спецслужбы змаглі справакаваць актывізацыю антыўкраінскіх рухаў у Крыме і Данбасе, скарыстацца расколам рэгіянальных эліт.

Відэа першых гадзін акупацыі Крыму

Расейскія спецназаўцы пад выглядам «мясцовых апалчэнцаў» ноччу 27 лютага захапілі Вярхоўную раду Крыму і частка дэпутатаў, што зранку дало магчымасць абвесціць змену кіраўніцтва аўтаномнай рэспублікі на адкрыта прарасейскае.

Знакамітае фота супрацьстаяння бяззбройных украінскіх жаўнераў і расейскіх камандас у Крыме

Украінская армія змаргіналізаваная шматлікімі гадамі недафінансавання, псеўдарэформаў і маральнага разлажэння не змагла аказаць супраціву, фактычна не зрабіла аніводнага стрэлу па праціўніку. Прарасейскія афіцэры і жаўнеры ўкраінскай арміі пераходзілі на бок праціўніка ці дэзертавалі. Адкрыта здрадзіў і перайшоў на бок РФ камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Украіны Дзяніс Беразоўскі.

Аказалася, што толькі новыя патрыёты, якія прыйдуць вучыцца вайсковай прафесіі, і прафесіяналы, якія ўсе гэтыя гады служылі, бо былі ў добрым сэнсе гэтага слова фанатыкамі сваёй справы, змогуць дапамагчы краіне.

Новая кроў

Акупацыя і анексія Крыму стала ганебнаю кропкай у гісторыі постсавецкай арміі Украіны. Аднак гэтае пачуцце пакрыўджанага нацыянальнага гонару стала штуршком да новай зʼявы – масавага добраахвотніцкага руху.

Фармаванні добраахвотнікаў (пераважна спачатку залічаныя да Міністэрства ўнутраных спраў ці тэрытарыяльнай абароны) хоць вельмі адрозніваліся адно ад другога маральным духам, узбраеннем і баяздольнасцю, сталі сімвалам супраціву.

Да таго ж амаль адразу новы ўрад Украіны вярнуўся да праверанага двума сусветнымі войнамі прынцыпу прызыўнога камплектавання арміі – у супрацьстаянні з мільённай арміяй Расеі і дзясяткамі тысяч так званых «апалчэнцаў» армія з адных добраахвотнікаў не магла даць рады. Тое, што ў 2014 годзе прарасейскі прэзідэнт Віктар Януковіч адмяніў прызыў ва Узброеныя сілы, аказалася не нейкім прагрэсіўным рашэннем, а наадварот, ударам па нацыянальнай бяспецы.

Збіраліся грошы нават на самыя простыя рэчы – рамяні для аўтаматаў. Фота https://censor.net.ua

Баявы дух байцоў украінскай рэгулярнай арміі падтрымалі і цывільныя валанцёры, якія часта забяспечвалі байцоў на фронце і камуфляжам, і ежай, і прыцэламі, і беспілотнікамі – жаўнеры бачылі, як народ турбуецца за сваіх абаронцаў. Ва ўкраінскіх школах праводзілі акцыі «напішы свайму абаронцу», і дзіцячыя лісты грэлі сэрцы вайскоўцам у акопах. Зборы патрэбных рэчаў і грошаў праводзіліся ў цэрквах і касцёлах, на плошчах і праз мабільныя тэлефоны. Гэтак народ адраджаў сваю армію, якая бараніла яго.

Украінскія артылерысты на вучэннях. Фота Мінабароны Украіны

Добраахвотнікі ў значнай ступені павялі рэгулярную армію ў бой, але менавіта рэгулярная армія Украіны з яе прафесійным афіцэрскім складам і агнявой моцай, якая паступова набіралася досведу і маральнага духу, стала сілай, якая спыніла праціўніка, а потым і пагнала яго назад.

Толькі ўваход на тэрыторыю Украіны ў сярэдзіне жніўня 2014 году рэгулярных частках расейскай арміі ўратаваў ад поўнай ліквідацыі так званыя «ДНР» і «ЛНР».

Новае аблічча

Падзеі апошніх галоў паказалі ўкраінцам, што Узброеныя сілы Украіны, Нацыянальная гвардыя Украіны (былыя ўнутраныя войскі), іншыя сілавыя структуры – гэта сапраўдны хрыбет незалежнай дзяржаўнасці, без якога краіна не будзе існаваць.

Рота марской пяхоты Украіны рыхтуецца да параду на дзень Незалежнасці

Было вырашана рэзка падвысіць фінансаванне войска – з 14,4 мільярда грыўняў ($1,8 мільярда) да больш чым 20 мільярдаў грыўняў яшчэ ўвесну 2014 году. Былі выпушчаныя дадатковыя аблігацыі ваеннага займу і ўведзены спецыяльны «ваенны падатак» у размеры 1,5% з даходу фізічных асоб. У 2015 годзе абаронны бюджэт вырас да 50 мільярдаў грыўняў (каля $3 мільярдаў), а ў 2017 годзе – амаль 130 мільярдаў грыўняў (больш за $5 мільярдаў).

Хоць дагэтуль асноўная баявая тэхніка складаецца з савецкіх узораў, вайскоўцы атрымалі новыя бронеаўтамабілі, дзясяткі новых бронетранспарцёраў, артылерыйскія радары, прыцэлы, сродкі абароны (каскі, бронекамізэлькі) і камуфляжу.

«Інстынкт Незалежнасці. Год 26-ы». Мініфільм Вайсковага тэлебачання Украіны да сённяшняга свята

Украінская армія няўхільна пераходзіць на стандарты НАТО як структурна, гэтак і паводле баявой падрыхтоўкі. Войска прымае заходнія стандарты шыфраванай лічбавай сувязі, што забяспечвае адэкватнае і хуткае ўзаемадзеянне розных падраздзяленняў на полі бою. У сваю чаргу ўкраінцы шмат чаму могуць навучыць сваіх заходніх партнёраў, якія апошнія дзесяцігоддзі не сутыкаліся з магутнай маскоўскай вайсковай машынай, радыёэлектроннай барацьбой, масіраваным агнём артылерыі і актыўным супрацьдзеяннем у паветры.

Падрыхтоўка да параду. Добра бачны новы рыштунак украінскіх жаўнераў, які распрацаваны па заходніх узорах

Нездарма на сэлетнім парадзе ў Кіеве ўдзельнічаюць падраздзяленні краін НАТО: ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады, Эстоніі, Латвіі. Наведаў парад міністр абароны ЗША баявы генерал марской пяхоты Джэймс Мэціс і яшчэ 10 міністраў абароны НАТО.

Глыбіня і маштабы рэформаў не маглі не адбіцца і на вонкавым выглядзе войска – украінская армія пазбавілася ўсіх прыкметаў, якія сімвалічна звязвалі яе з савецкімі часамі, і цяпер набыла выразна нацыянальныя рысы ў параднай, службовай і палявой уніформе.

Кроўю і потам тысяч байцоў, энтузіязмам моладзі, працай мільёнаў падаткаплацельшчыкаў Украіна стварае новую армію і рада вітаць парады сваіх абаронцаў на вуліцах сваіх гарадоў. Ці здольныя на падобнае мы для сваёй арміі?

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў