Год без Алеся Чаркашына


За нашу і вашу свабоду. У гераічным змаганні Украіны за сваю незалежнасць у яе найноўшай гісторыі з самага пачатку чынны ўдзел бралі і беларусы – ад Майдану да вайны на Данбасе. Гэтымі днямі ў абедзвюх краінах згадваюць аднаго з герояў гэтага змагання – нашага суайчынніка Алеся Чаркашына. Год таму ён загінуў на Данбасе.

У інтэрнэце з’явілася адна з апошніх песень Алеся Чаркашына, якую ён запісаў за паўгода да сваёй трагічнай смерці і якая дагэтуль анідзе не публікавалася. Цяжка паранены ў баі з прарасейскімі баевікамі, берасцейскі добраахвотнік тактычнай групы «Беларусь» адышоў у вечнасць 28 жніўня летась. Між тым памяць пра яго жыве і сёння – і праз шчымлівыя песні, і праз успаміны паплечнікаў. Найперш – як пра надзвычай светлага чалавека і адданага верніка.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СУСТАРШЫНЯ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ

«Ён прыехаў да хлопцаў, якія змагаліся не толькі за Украіну, але і якія змагаліся, у тым ліку, і за незалежнасць Беларусі. Ён быў іх медыкам і іх капеланам. І таму мы страцілі, у першую чаргу, героя сённяшняга часу. Чалавека, які быў гатовы аддаць сваё жыццё за свабоду Беларусі і за жыццё сяброў сваіх».

Актыўную грамадзянскую пазіцыю лідар берасцейскіх хрысціян-дэмакратаў займаў і на Радзіме. А таму не дзіва, што ўшанаванне памяці Алеся Чаркашына, пасмяротна ўзнагароджанага ордэнам «Народны герой Украіны», на радзіме – справа выключна грамадская.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СУСТАРШЫНЯ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ:

«Да тых, хто змагаецца на баку Расеі, стаўленне гэткае – папушчэнне: маўляў, рабіце, няхай, чапаць мы вас не будзем! Да тых беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, – вельмі жорсткае стаўленне. Таму што сённяшні рэжым разумее: гэтыя хлопцы будуць магільшчыкамі сённяшняга рэжыму».

У найбліжэйшых планах грамадскасці – усталяванне помніку Алесю Чаркашыну на ягонай магіле ў вёсцы Камяніцы-Жыравецкай пад Берасцем. Памятны знак мае паўстаць 27 верасня – на дзень народзінаў героя. На сёння сабраныя блізу трох чвэрцяў ад патрэбнае сумы. Збор сродкаў працягваецца.

Валер Руселік belsat.eu

Стужка навінаў