Глабальны тыдзень прадпрымальніцтва: чыноўнікі абяцаюць скончыць з бюракратыяй


Праблемы з беспрацоў’ем у Беларусі можа вырашыць малы і сярэдні бізнес. З гэткай заявай Старшыня Банку Развіцця выступіў сёння на адкрыцці глабальнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі. Паводле прысутных там жа прадстаўнікоў міністэрства эканомікі, дзяржава, акурат цяпер, чыніць неабходныя крокі для таго, каб гэта адбылося. Як дробныя прадпрымальнікі ў Беларусі становяцца мільянерамі і як ім у гэтым дапамагае, ці, наадварот, перашкаджае дзяржава?

Хакатон у дапамогу

Зарганізаваць бізнес за 24 гадзіны – ад ідэі да канчатковага прадукту. На мерапрыемствах глабальнага тыдня прадпрымальніцтва дасведчаныя інструктары на гэтую тэму разважаюць, а маладыя таленты тут жа на месцы ажыццяўляюць.

Кульмінацыяй сённяшняга мерапрыемства стаў фінал гэтак-званага хакатону – ад словаў хакер і марафон. На хакатоне праграмісты, якія мелі задумкі нейкага прадукту, тут жа на месцы знаходзяць сабе каманду ды кансультантаў і маюць абмежаваны час на рэалізацыю сваёй ідэі.

«За 24 гадзіны рэалізавалі праект, які дазволіць прадпрымальнікам, у інтэрфейсе свайго банку проста фармаваць і адпраўляць дэкларацыі ў падатковую інспекцыю», – дзеліцца ўдзельнік хакатону Аляксей.

Прадаць беларускі стартап за мільёны долараў? Гэта рэальнасць!

Пераможцам аднаго з мінулых беларускіх хакатонаў стала праграма Маскарад, якая ўразіла заснавальніка Фэйсбука Марка Закербэрга.

Сёлета Закербэрг выклаў на ютуб відэа, на якім прымярае віртуальную маску беларускай вытворчасці і абвяшчае, што Фэйсбук выкупае гэты стартап. Сума здзелкі не паведамлялася, але, профільныя медыі дапускаюць, што гаворка можа ісці пра дзясяткі ці сотні мільёнаў долараў. Іншыя стартапы, так называюць – дробныя бізнес-самародкі, раскруціўшыся, спрабуюць выйсці на акупальнасць самі.

Улады натхніліся, хочуць дапамогі ад бізнеса

Экспарт айчыннага парку высокіх тэхналогіяў, чые рэзідэнты плацяць зменшаныя падаткі, прырастае штогод амаль на чвэрць. Сёлета, як чакаецца ён дасягне мільярда долараў, а да 2020 году, яшчэ патроіцца. Натхнёныя гэтым поспехам улады спадзяюцца, што малы і сярэдні бізнес дапаможа вырашыць праблемы з экспартам ды занятасцю і ў іншых галінах эканомікі.

«На мой погляд, збалансаваць гэтую тэндэнцыю ў галіне занятасці пад сілу прыватнаму бізнесу. З яго смелымі ідэямі і гнуткім мысленнем», – упэўнены Сяргей Румас, старшыня кіравання банку развіцця.

Праблема ў бюракратыі

Самыя IT-бізнесоўцы, кажуць, што для гэтага, перадусім, неабходна істотна палепшыць дзелавы клімат, у прыватнасці – кардынальна зменшыць дакументаабарот, у якім тонуць бізнес-пачаткоўцы.

«У нашых падатковых органах я спрабавала даведацца адказы на нейкія пытанні мне было сказана гэта не ў нашай кампетэнцыі, і знайсці людзей – у чыёй гэта кампетэнцыі, нажаль, у мяне не атрымліваецца», – тлумачыць Алена Шкарупа з кампаніі «Meetngreetme».

Улады абяцаюць прыслухацца

«Мы значную працу бачым у стварэнні электроннага рэестру адміністратыўных працэдур. Гэта будзе такі інтэрактыўны рэсурс – бясплатны, даступны ў інтэрнэце, які, па-першае дазволіць атрымаць інфармацыю аб усіх адміністратыўных працэдурах, а, па-другое – выканаць гэтыя працэдуры», – кажа Пётр Арушʼянц, дырэктар дэпартаменту прадпрымальніцтва пры міністэрстве эканомікі.

Апрача бюракратыі, аднак, непераадольным бар’ерам на шляху малога і сярэдняга бізнеса з’яўляюцца яшчэ дзве айчынныя асаблівасці. Прававая неабароненасць і брак фінансаў, якія ўрад накіроўвае на субсідыі дзяржаўнай прамысловасці мінулага стагоддзя. Прапанову сёлетняй місіі міжнароднага валютнага фонду выправіць гэтыя хібы кіраўнік краіны назваў абразлівымі і накіраванымі на тое, каб перакрэсліць дасягненні яго дваццацігадовага кіравання.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Стужка навінаў