Гітару Элвіса прадалі з аўкцыёну за $ 334 тыс.


Гітару «караля рок-н-ролу», якую ён атрымаў у падарунак ад свайго бацькі ў 1969 годзе, прадалі з аўкцыёну.

Кажуць, што Вэрнан Прэслі змяніў аздабленне акустычнай гітары «Gibson Dove» пасля таго, як яго сын здабыў чорны пояс па каратэ.

І вось цяпер аўкцыённы дом «Джульенз» (ЗША) ацаніў яе на $ 200–300 тыс. Пры гэтым знайшоўся пакупнік, які аддаў за гітару $ 334 тыс.

Падчас канцэрту ў Эшвіле (Паўночная Караліна) у 1975 годзе Элвіс Прэслі прэзентаваў свой музычны інструмент фанату Майку Гэрысу, які і захоўваў гітару да нашых дзён.

Яшчэ адным музычным лотам на аўкцыёне стаў рукапісны тэкст Джона Ленана да песні «Being for the Benefit of Mr. Kite!». Яго прадалі за $ 354,400 (паводле ацэнкі аўкцыённага дому «Джульенз», яго кошт складае $ 300-500 тыс.).

Першае піяніна Лэдзі Гагі, ацэненае «Джульензам» на $ 100–200, пакупніка не знайшло.

НМ, belsat.eu, паводле AFP

Глядзі таксама
Каментары