Гіт-парад гомельскіх недарэчнасцяў


Фарбаванне дрэваў, укладанне лепшых бардзюраў замест добрых старых, замена новага асфальту на найноўшы. Гэтак Гомельшчына рыхтуецца да прыезду кіраўніка краіны. Мяркуецца, што Аляксандр Лукашэнка наведае Гомельскі ліцэй МНС. Аднак не толькі гэтая ўстанова мае выглядаць з іголачкі.

Гэтыя людзі разгладжваюць зямлю!

А што робіць жанчына? Палівае дрэвы? Не. Яна мые не надта брудную асфальтавую дарожку. Чым заняты мужчына? Перафарбоўвае нядаўна пафарбаваны плот. Хтосьці пастанавіў, што белы колер самы час замяніць на свежавосеньскі бэжавы.

Усё дзеля кіраўніка

Але гэтыя, на першы погляд, здавалася б, абсурдныя дзеянні тлумачацца высокаю мэтаю!

Дзеля Лукашэнкі, які ніколі не ступіць сваёй нагою на гэтыя ходнікі, мяняюць добры брук на лепшы. Дзеля ўцехі ягонага позірку фарбуюць дрэвы. Спачатку спілавалі непрыгожыя галіны, а цяпер замалёўваюць, каб свежыя месцы зрэзаў не былі бачныя з дарогі, якою павязуць кіраўніка краіны.

ЖКГ паліць дыслакацыю

Афіцыйна не паведамляецца ні дзень, ні месца візіту Лукашэнкі. Але як бы ні хавалі інфармацыю прэзідэнцкая адміністрацыя і спецслужбы, насамрэч маршрут першай асобы ў краіне вызначыць лёгка. Усе таямніцы, самі таго не ведаючы, раскрываюць камунальнікі. Тут картэж кіраўніка краіны збочыць, а тут ён будзе праязджаць праз чыгуначныя рэйкі. Там жа, дзе Лукашэнка мае выйсці з машыны, праходу журналістам ужо няма.

Традыцыя пацёмкінскіх вёсак усцяж жыве ў Беларусі

Прафсаюзны ж лідар Аляксандр Ярашук звярнуў увагу, што Лукашэнка, нават калі б і захацеў, памяняць гэтай традыцыі не можа.

«Напэўна, нашаму прэзідэнту падабаецца, каб яго падманвалі. Калі б ён быў больш уважны, яго не падманвалі б»,

«Прэзідэнт перш за ўсё падманвае нас усіх!»,

– мяркуюць жыхары Гомля.

Расплачвацца за гэткі спектакль – толькі грамадзянам. Выдаткаваныя на непатрэбныя рамонты грошы маглі б пайсці на заробкі, а ідуць на фарбу, каб зялёнае лісце стала яшчэ зелянейшае, як у нашумелым ролікам з youtube. Відэа, якое паспелі назваць падробкаю, можа, зусім і не падробка?

Вольга Старасціна, «Белсат»

Стужка навінаў