Гісторыя жыхара Віцебску Артура Яраша – узор сапраўднай грамадзянскай мужнасці


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=69VKcLAWwXo”][vc_column_text]Спыніў машыну з пʼяным палкоўнікам міліцыі, не пабаяўся пагрозаў і адстаяў сваю праўду.

Роўна два месяцы таму вось тут, на Маскоўскім праспекце Віцебску, кіроўца аўтамабіля «Хёндэ» стварыў аварыйную сітуацыю. Артур, які ледзь не трапіў у гэтую аварыю як пасажыр іншага аўтамабіля, затрымаў кіроўцу-парушальніка. Той не зусім арыентаваўся ў абстаноўцы.

АРТУР ЯРАШ, ЗАТРЫМАЎ П’ЯНАГА ПАЛКОЎНІКА МІЛІЦЫІ:
«Ён пачынае штосьці казаць, і я разумею, што ў чалавека неразборлівае маўленне, і вочы чырвоныя. Я падыходжу бліжэй, а з салону перагар, вельмі моцна пахне».

Парушальнік аказаўся палкоўнікам міліцыі Сяргеем Сарокіным, кіраўніком Першамайскага РАУСу гораду Віцебску. І пачаў пагражаць.

АРТУР ЯРАШ, ЗАТРЫМАЎ П’ЯНАГА ПАЛКОЎНІКА МІЛІЦЫІ:
«Ён пачаў казаць, што калі зараз прыедзе ДАІ, то ў мяне будуць вялікія праблемы, што ён кіраўнік міліцыі, што ў мяне будуць вялікія праблемы і я жыць проста не змагу».

Хлопец пайшоў на прынцып. ДАІ прыехала, у палкоўніка Сарокіна зафіксавалі больш за два праміле алкаголю ў крыві. Тады ён хлусіў, што за стырном сядзела ягоная маці, Ларыса Сарокіна. Пенсіянерка пайшла далей – звярнулася ў Следчы камітэт, каб на Артура Яраша завялі крымінальную справу за самаўпраўства і дарожнае вымаганне грошай. Але не выйшла – самаўпраўства і вымагання следчыя не выявілі, затое суд прызнаў Ларысу Сарокіну вінаватай у заведама ілжывых паказаннях. Дапамагло і відэа з пʼяным палкоўнікам, што знялі даішнікі ў пастарунку.

ПАВЕЛ САПЕЛКА, ЮРЫСТ, ПРАВААБАРОНЦА:
«Менавіта выкарыстанне відэакамераў, у тым ліку стацыянарных, і дапамагло ў гэтай сітуацыі правільна разглядзець гэты канфлікт».

Палкоўніка Сарокіна на час разбіральніцтва адхілілі ад службы, але на старонцы віцебскай міліцыі ягонае прозвішча яшчэ ёсць. Святкаваць перамогу яшчэ рана, кажа Павел Сапелка.

ПАВЕЛ САПЕЛКА, ЮРЫСТ, ПРАВААБАРОНЦА:
«Вядома, гэта хутчэй выключэнне, бо як правіла, дзяржаўныя органы вельмі трапятліва ставяцца да рашэння пытанняў, калі на адным з бакоў дзяржаўны чыноўнік».

Гісторыя ўжо разляцелася па Віцебску і папсавала рэпутацыю мясцовай міліцыі.

ЖЫХАРЫ ВІЦЕБСКУ:
«Дзе гонар палкоўніка, які пачынае такую катавасію? Калі ўжо папаўся, калі, нягледзячы на сваё становішча, перакрочыў гэтую рысу, то годна выйдзі з гэтай сітуацыі».

«Хочацца ад іх чакаць чагосьці лепшага. Больш ветлівасці, больш выканання законаў. Бо насамрэч нічога гэтага няма».

Будзе, калі грамадзяне пачнуць сачыць за міліцыяй. Ды не баяцца пагрозаў ад парушальнікаў у пагонах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў