На Шклоўшчыне маці двух дзяцей абяцалі наладзіць ацяпленне, але выключылі святло


Працадаўца даў жыллё з запазычанасцямі і без гарачай вады

Прадпрыемства «Александрыйскае» ігнаруе просьбы сваёй супрацоўніцы палепшыць умовы жыцця.

Алеся Пестава, якая зʼяўляецца працаўніцай «Александрыйскага» (цяпер жанчына ў дэкрэтным адпачынку), атрымала ад працадаўцы дом у вёсцы Слабодка (Шклоўскі раён). Ад былых жыхароў засталася запазычанасць па камунальных плацяжах, да таго ж Алеся Пестава разам з двума жыве без гарачай вады. Справа ў тым, што кацёл, які напрыканцы мінулага года вылучылі ад сельскагаспадарчага прадпрыемства «Александрыйскае», выявіўся не прыдатным. Таму жанчына падключыла іншы, але з яго кожную раніцу выцякае вада.

«У нас усе грошы, якія б можна было куды адкласці, ідуць на ацяпленне. Самое ж ацяпленне ніякае. Хай пакуль лета, ёсць час, усталююць мне нармалёвы кацёл», – распавяла ў пачатку тыдня нашаму карэспандэнту Алеся Пестава.

Пракаментаваць сітуацыю «Белсат» папрасіў намесніка старшыні ААТ «Алексндрыйскае» Уладзіміра Мурашку, які паабяцаў вырашыць пытанне:

«Я разумею, што такой жанчыне трэба дапамагчы. Я заўтра ж выеду з самай раніцы. Калі трэба, натопім ёй кацёл. Усё гэта вырашальныя пытанні. Даўгі – гэта не яе даўгі. Яна хай хоць стане на ўлік», – заявіў Уладзімір Мурашка.

Неўзабаве прыехала камісія, каб ацаніць умовы жылля Алесі Пеставай. Жанчыне паабяцалі, што ў сераду прыедуць, каб адрамантаваць кацёл, але да гэтага моманту ніхто так і не прыехаў.

«Ніякіх зрухаў няма акрамя таго, што сёння прыехалі і абрэзалі нам святло. Я прасіла, каб пачакалі хаця б да заўтра, я паеду ў «Александрыйскае» – прадпрыемства ж правяло святло несанкцыянавана, бо ад мінулых жыхароў былі запазычанасці», – распавядае жанчына.

Алеся Пестава сцвярджае, што пасля скаргаў Уладзімір Мурашка абяцаў ёй «зладзіць вясёлае жыццё». Ягоныя ж словы пра тое, што Алеся злоўжывае алкаголем, абураюць жанчыну:

«Глядзіць у вочы мне, абяцае і робіць з мяне алкашку. У мяне быў грашок раней, але я змянілася, у школе мой дзяцёнак на добрым рахунку, я не стаю на ўліку ў нарколага ці псіхіятра, з міліцыяй праблемаў не маю. Чаму ж яны тады да мяне прыязджаюць і просяць «алкашку» выйсці на працу, а я вымушаная дзяцёнка з братам пакідаць?»

Заўтра Алеся Пестава збіраецца сустрэцца з кіраўнікамі «Александрыйскага»

Belsat.eu будзе сачыць за сітуацыяй.

Чытайце таксама:

Стужка навінаў