Гісторыя маладога эмігранта. Журналіст «Белсату» напісаў кнігу пра тое, як бывае, калі з’ехаў і не збіраешся вяртацца


Зміцер Кустоўскі, журналіст тэлеканалу «Белсат», выдае сваю першую кнігу ў Беларусі. Раман «Прытулак» распавядае пра маладога хлопца, які на хвалі эміграцыі ўхапіўся за магчымасць пакінуць так званую стабільнасць. Што адбылося з ім, як ён шукаў сябе і ці знайшоў?

Пра тое, што Зміцер піша кнігу, не ведаў амаль ніхто, у тым ліку калегі, побач з якімі кожны дзень журналіст працуе ў рэдакцыі. Але напярэдадні выхаду яго раману «Прытулак» мы паразмаўлялі з маладым аўтарам. Апынулася, што апошнія тры ці чатыры гады ці не кожны вечар Зміцер Кустоўскі прыходзіў дадому з працы і сядаў за іншую працу – напісанне ўласнага раману.

«Гаворка ідзе пра маладога хлопца, якога прыбіла жыццё на радзіме, дзе нічога не адбываецца, і здаецца, нават ніякіх патрасенняў няма, але ў той жа час, жыццё ў гэтай краіне – не для слабакоў. І наш герой вырашае з’ехаць. Ён паддаецца хвалі, модзе і едзе следам за іншымі. У тэксце не называецца краіна, адкуль ён з’язджае, але ведаючы рэаліі і маё паходжанне, вядома, адразу бачыцца Беларусь», – распавядае Зміцер.

Галоўны герой атрымлівае легальны статус, намагаецца прыладзіцца да быту, нават сустракае каханне. Жыццё за мяжой, праблемы з грашыма, звязка з крымінальным светам праходзіць праз малады розум, турбуе сумленне, душу, што імкнецца да ўнутранага пошуку сябе, свайго месца ў свеце, сваёй дарогі.

Кніга «Прытулак» – не аўтабіяграфія. Але аўтар кажа, што асабістага там шмат. Астатняе – з досведу эміграцыі сяброў, знаёмых.

«Так атрымалася, што калі я пераехаў у Варшаву ў 2011-м годзе, навокал было шмат людзей, якія атрымлівалі палітычны прытулак у Польшчы. Адсюль і назва кнігі. У пэўны момант мне здавалася, што вакол мяне ўсе такія, уцекачы. Цікавыя, дзіўныя. Шмат хто быў малодшы за мяне і прыязджалі пасля выбараў 2010-га году. Гэта была быццам сістэма, канвеер. Мяне гэта здзіўляла, цікавіла, я шмат з імі кантактаваў і нейкі зборны вобраз увасобіў у тэксце», – кажа Зміцер.

Аўтар пацвердзіў, што «Прытулак» у нейкім сэнсе палітычная кніга, расповед пра змагара, апазіцыянера. Бо штуршком для напісання сталі падзеі 2010-году, хоць пра іх і не вядзецца гаворка ў рамане. А галоўны герой у сваім даэміграцыйным жыцці займаўся палітычнай дзейнасцю.

«А потым ён зразумеў, што нельга быць апазіцыянерам па-за межамі краіны, гэта не мае ніякага сэнсу. І хоча жыць проста. Гэтую кнігу зразумеюць не толькі змагары або эмігранты. Але ўсе, каму не сядзіцца на месцы, каму ў Беларусі цесна, каму не хапае паветра, хто ездзіць у Еўропу і цікавіцца ёй, знойдуць сябе ў гэтым творы. Гэта прыгодніцкі аповед, і будзе шкада, калі нехта яго ўспрыме толькі як расповед пра апазіцыянера ў эміграцыі», – разважае Зміцер.

У кнізе Змітра Кустоўскага героі маюць свае рэальныя прататыпы, якія жывуць цяпер у Польшчы, або засталіся ў Беларусі. А ўсе падзеі – адбываліся насамрэч, або маглі б адбыцца. Розныя гарады, розныя абставіны, рэалістычныя апісанні. Некаторыя падзеі аўтар быццам спісаў з будучыні, так ён прызнаўся сам. Дадумаў, напісаў – а праз нейкі час прачытаў пра гэта ў навінах.

Журналісцкі досвед аўтара падпітваў працу. Калі ствараеш тэксты штодня і пастаянна працуеш з навінамі і чытачамі, то гэта шмат дапамагае ў напісанні ўласнай кніжкі. З іншага боку, быць адначасова і журналістам і пісьменнікам – цяжка.

«Нашая праца сёння – гэта тэксты пра кошты ў краме, пра палітыку, пра здарэнні. Вельмі шмат тэмаў, яны вельмі розныя, шмат інфармацыі, і калі табе патрэбна ў нешта пагрузіцца, нават чытаць кніжку, не тое нават, каб пісаць яе, – становіцца складана. Увесь час усплывае – вось гэта патрэбна спраўдзіць, пра гэта прачытаць, і што там, дарэчы, сёння ў Луганску», – распавядае Зміцер Кустоўскі.

Штуршком для напісання і выдання кнігі стала ўсё ж тое самае жаданне журналіста распавесці, падзяліцца, паказаць, як бывае або як можа быць. У аўтара дагэтуль застаюцца пытанні да самога сябе датычна прынятага рашэння з’ехаць з Беларусі. Але нягледзячы на іх, на радзіму аўтар раману «Прытулак» вяртацца ў бліжэйшы час не збіраецца.

«У 2011 годзе я марыў вярнуцца праз два ці тры гады. Але вось і пяць год, і шэсць, але нічога тут не змянілася. Я параўноўваю цяперашнюю Беларусь з той, якой яна была, калі я быў малодшы, дзесяць, дваццаць гадоў таму. Усё тое ж самае. Так усё жыццё можа прайсці ў гэтай бездапаможнасці. Няхай лепш яна выліваецца ў творах, тэкстах, песнях. А ўвесь гэты ўнутраны канфлікт будзе штуршком, зажымам, каб нешта ствараць. Бо калі б не было гэтага, то і нічога не напісалася».

Кніга «Прытулак» Зміцера Кустоўскага выходзіць у выдавецтве «Галіяфы». Прэзентацыя адбудзецца 4 снежня ў Арт-Сядзібе па вуліцы Машэрава, 18 а 19-й гадзіне, дзе можна будзе задаць пытанні аўтару, падпісаць кнігу. На прэзентацыі таксама выступіць пісьменнік Кірыл Стаселка і заспявае Фёдар Жывалеўскі, саліст гурта «Голая манашка».

«Зараз я станаўлюся на невядомую для мяне дарогу. Не ведаю, як усё гэта будзе ўспрынятае, магчыма, закідаюць рэзкай крытыкай. У Беларусі не такі развіты кніжны рынак, але крытыка вельмі жорсткая, не толькі з боку крытыкаў, але з боку грамадства, усе гэтыя дыскусіі ў сацыяльных сетках. Зараз я ведаю, што вось мая кніга выходзіць, і з гэтага моманту я станаўлюся пад удар. Я спадзяюся, што я гатовы», – кажа Зміцер Кустоўскі.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў