Гісторыя: Кат Варшаўскага паўстання спачатку лютаваў у Беларусі


Варшаўскае паўстанне

Выбухнула 1 жніўня 1944 года. Паўстанчае ядро склалі падпольныя адзінкі Арміі Краёвай. Палітычным пасылам лідараў паўстання было вызваленне Варшавы перад прыходам Чырвонай Арміі і захаванне такім чынам суверэнітэту краіны. Гітлер пасля пачатку змагання ў Варшаве даў загад цалкам знішчыць горад. 3–7 жніўня нямецкія аддзелы, вядомыя сваймі злачынствамі ў Беларусі, брыгады Браніслава Камінскага і Оскарa Дырлевангера – забілі 60 тыс. асобаў толькі ў адным варшаўскім раёне – у Волі. Эрых фон дэм Бах, які прыбыў у Варшаву, верагодна, 5 жніўня, яшчэ два дні зацягваў адмену загаду забіцця ўсіх цывільных, якія трапілі ў рукі немцаў. Паўстанне цягнулася 63 дні. Тым часам савецкае войска пасіўна назірала за агоніяй гораду з супрацьлеглага берагу Віслы. На меркаванне гісторыкаў, Сталін затрымаў атаку, каб нямецкімі рукамі зліквідаваць праціўнікаў савецкай дамінацыі. Паводле некаторых ацэнак, у Варшаве загінулі да 200 тыс. асобаў – у асноўным цывільныя, а таксама знішчылі да 80 % забудовы.

На фота: кіраўнік паўстання генерал Тадэўш Камароўскі (мянушка Бур) складае капітуляцыю перад фон дэм Бахам.

 

Пра дзейнасць у Беларусі Эрыха фон дэм Баха распавёў Belsat.eu гісторык, кандыдат гістарычных навук, Ігар Мельнікаў.

Баха прызначылі кіраўніком СС і паліцыі на тэрыторыі Расеі яшчэ ў траўні 1941 года, або перад пачаткам нямецкага ўварвання ў СССР. Немцы рыхтаваліся да карання тых тэрыторый?

– Нямецкі план «Ost», які датычыў падпарадкавання сабе занятых СССР тэрыторыяў, прадугледжваў, што частка краінаў будзе каланізаваная, як краіны Балтыі, а іншыя, як Расею і Беларусь, мусілі пакараць. Звычайную вайсковую акупацыю на гэтых тэрыторыях нагадвала дзейнасць аддзелаў «Einsatzgruppen» (займаліся забойствамі габрэяў – рэд.), а таксама антыпартызанцкія аперацыі. У пачатку вынішчэнне датычыла толькі габрэяў, аднак з часам, пасля з’яўлянне партызанскіх аддзелаў, мэтай сталі і грамадзянскія асобы іншых нацыянальнасцяў. Менавіта Эрых фон дэм Бах падпарадкоўваліся адмысловыя аддзелы (Einsatz) і аддзелы паліцыі.

Як выглядалі акцыі ліквідацыі габрэяў у Беларусі?

Яны былі дакладна запланаваныя. Спачатку ствараліся гета, пасля ліквідаваліся іх жыхары. Эрых фон дэм Бах перад тым, як аказацца ў Беларусі, зліквідаваў габрэйскіх жыхароў Рыгі, дзе загінулі 35 тыс. асобаў. Пасля перанёсся ў Беларусь і браў удзел у экзекуцыі, напрыклад, у Менску і ў Магілёве.

Падчас свайго візіту ў Менск 15 жніўня 1941 года райхсфюрэр Райху Гайнрых Гімлер упершыню пузяў удзел у зарганізаванай адмыслова для яго ліквідацыі 100 габрэяў. Экзекуцыя выклікала ў ім псіхічны шок. Паводле рнекаторых звестак, фон дэм Бах скардзіўся, што такі спосаб забойства выклікае нервовы зрыў у чальцоў расстрэльных камандаў. На што Гімлер параіў распрацаваць больш эфектыўны спосаб забойства. Падчас свайго візіту ў Менск Гімлер таксама наведаў псіхіятрычны шпіталь у Навінках, дзе рэкамендаваў забіць усіх пацыентаў і, магчыма, паспрабаваць на іх новыя метады забойства, напрыклад, выкарыстанне дынаміту.

 

Эрых фон дэм Бах падобна асабіста паскардзіўся Гімлеру, што такія метады даводзяць членаў расстрэльных камандаў да нервовай хваробы, і папрасіў прыдумаць менш вострыя метады масавага знішчэння.

– Ён сам браў удзел у экзекуцыях атрымаў нервовы разлад і накіраваўся на лячэнне на некалькі месяцаў. У гэты перыяд габрэяў расстрэльвалі сотнямі і тысячамі.

Калі ў Беларусі пачаліся антыпартызанскія аперацыі?

– Ужо пад канец 1941 года на тэрыторыі Беларусі актывізаваліся аддзелы НКУС. улетку 1942 года правялі першую масавую антыпартызанскую акцыю пад кодавай назвай «Пантэра» і ўласна ў кожным месяцы рабіліся аналагічныя: «Балотная ліхаманка», «Сава», «Рысь». У іх бралі ўдзел не толькі нямецкія аддзелы, але таксама ўкраінскія і балтыйскія.

Як прыкладна выглядала антыпартызанская акцыя?

– Раён, які яна ахоплівала, станавіўся проста мёртвай зонай. Аддзелы атрымлівалі загад палення вёсак да фундаментаў, часам таксама расстрэльвалі ўсіх жыхароў і, у асноўным, яны акурат і цярпелі, бо найчасцей паляванне на партызанаў давала невялікія вынікі. Сам чытаў рапарты латвійскіх паліцэйскіх батальёнаў, дзе напісана, што разам з некалькімі схопленымі партызанамі расстрэльвалі больш за дзясятак цывільных за тое, што «дапамагалі». І ніхто не рабіў спецыяльнага расследавання вінаватасці тых, каго расстрэльвалі. А партызанам часцей за ўсё ўдавалася выходзіць з атачэння.

 

Чытайце больш пра адну з каральных акцый нацыстаў у Беларусі>>>> Містычнае Палессе. Як у беларускай вёсцы адбыўся цуд

 

Чаму Гітлер выбраў менавіта Эрыха фон дэм Баха да падаўлення паўстання?

-Апроч таго, што той быў адданым нацыстам, ён меў досвед барацьбы з нерэгулярнымі аддзеламі. Аддзелы вермахту не мелі такога досведу, бо былі падрыхтаваныя да вядзення вайны супраць рэгулярных адзінак. Ён быў адмыслоўцам у справах палявання на партызанаў на тэрыторыі былога СССР, для чаго выкарыстоўваў не толькі нямецкае войска, але і мясцовае насельніцтва, а таксама адзінкі, створаныя з грамадзянаў СССР.

Брыгада РОНА [Расейская народная освободительная армия – рэд.] Браніслава Камінскага з грамадзянаў СССР, якая змагалася з паўстанцамі і вядомая сваймі зверствамі, раней займалася барацьбой супраць партызанаў на Віцебшчыне.

– Падобна было са складзеным са злачынцаў аддзелам Оскарa Дырлевангера, які таксама займаўся падаўленнем на тэрыторыі Беларусі. Адмыслова да антыпартызанскай акцыі немцы выслалі людзей, пазбаўленых маральных тармазоў, якія не вагаліся, ці выкарыстоўваць самы востры тэрор у дачыненні цывільных жыхароў.

Размаўляў Якуб Бернат, belsat.eu

Эрых фон дэм Бах

Нарадзіўся ў 1899 годзе ў Ляўэнбург (сучасны польскі Лэмбарк). Паходзіў з кашубскай шляхты (славянская этнічная меншасць, якая цяпер жыве ў паўночнай Польшчы). Эрых фон дэм Бах ваяваў падчас I сусветнай вайны, пасля вайны заангажаваўся ў нямецкі нацыяналістычны рух. У 1930 годзе ўстуіпу у НСДАП, дзе хутка пачаў рабіць кар’еру ў шэрагах СС.

Пасля нямецкага ўварвання ў Польшчу ў 1939 годзе займаўся ачышчэннем ад польскага насельніцтва земляў, якія прызначаліся для нямецкай каланізацыі. Быў аўтарам ідэі стварэння канцэнтрацыйнага лагеру ў Аўшвіцы. У 1940 годзе, каб схаваць сваё славянскае паходжанне, змяніў прозвішча з Цэлеўскі на Бах. Пасля таго, як нямецкае войска ўвайшло ў СССР, меркавалася, што Эрых фон дэм Бах стане кіраўніком SS і паліцыі ў Маскве – аднак у выніку яго дзейнасць ахапіла тэрыторыі сённяшняй Беларусі.

У 1943 годзе быў прызначаны кіраўніком антыпартызанскіях дзеянняў на тэрыторыі Еўропы. На пачатку жніўня 1944 года яго накіравалі ў Варшаву для здушэння Варшаўскага паўстання. У выніку ягоных дзеянняў у Варшаве маглі загінуць нават 200 тыс. асобаў – у асноўным грамадзянскіх. Цэлеўскі не адказваў за свае злачынствы ў дачыненні жыхароў Варшавы. Пасля вайны вырашыў супрацоўнічаць з амерыканцамі і выступаў падчас Нюрнбергскага працэсу як сведка абвінавачвання. Дзякуючы гэтаму яго асудзілі толькі на 10 гадоў хатняга арышту. У 1962 годзе прыгаварылі да пажыццёвага заключэння за забойствы, здзейсненыя ў стасунку да нямецкіх камуністаў у 1930-х гадах. Тады ён падкрэсліваў, што не верыць у адказнасць Гітлера за здзейсненыя злачынствы. Памёр у турме ў Мюнхене ў 1972 годзе.

Стужка навінаў