Гісторыкі БДУ падрыхтавалі сайт да 95-годдзя ўніверсітэту


У рэканструяваным будынку гімназіі Фальковіча цяпер знаходзіцца гістфак БДУ.

Распачала працу інтэрнэт-старонка з хронікай дзейнасці галоўнай беларускай ВНУ.

Адкрыўся сайт «Гісторыя БДУ», распрацаваны супрацоўнікамі гістарычнага факультэту, музею гісторыі БДУ, а таксама ўніверсітэцкага медыяцэнтру. Аднаўленне лёсавызначальных момантаў гісторыі БДУ ажыццяўляецца праз прызму прафесійнай дзейнасці яго рэктараў, знакамітых супрацоўнікаў і выпускнікоў.

Сайт складаецца з чатырох асноўных раздзелаў: «Лінія часу», «Гісторыя БДУ», «Рэктары БДУ» і «Музей гісторыі БДУ». На старонцы ёсць каляндар, з найважнейшымі падзеямі; гісторыкі БДУ распачынаюць адлік універсітэцкай хронікі ад 2 чэрвеня 1867 года – у гэты дзень нарадзіўся адзін з заснавальнікаў беларускай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі, прафесар БДУ.

Асаблівую ўвагу аўтары сайту надалі дзейнасці ўніверсітэту ў ваенны і паваенны час.

«Рэсурс дазволіць увекавечыць самыя яркія і важныя падзеі ў жыцці ўніверсітэту», – цытуе прэсавую службу ўніверсітэту «Інтэрфакс».

Старонка мае дзве моўныя версіі – беларускую і расейскую.

ДД

Глядзі таксама
Каментары