Наваградскі замак: Ці так мае быць?


На кансервацыю Наваградскага замка адмыслоўцы рэагуюць спакойна, а турысты і госці – здзіўляюцца.

Здымак закансерваванай Касцельнай вежы Наваградскага замка ў Facebook выклікаў рэзананс сярод інтэрнэт-карыстальнікаў. Не ўсе прымаюць вежу, якую складана пазнаць, бо выглядае яна занадта сучасна.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, гледзячы на фота, кажа, што пытанні ёсць, але не крытычныя. Яны тычацца адсутнасці размежавання паміж аўтэнтыкай і сучаснымі кансервацыйнымі канструкцыямі. Разам з тым ён зазначае, што большасць спецыялістаў на новы выгляд вежы рэагуюць спакойна.

Як, напрыклад, гарадзенскі гісторык Ігар Лапеха, які лічыць, што аднаўленне аб’ектаў, якія амаль не захаваліся, павінна рабіцца «па-сучаснаму».

«Пры нашых сучасных магчымасцях гэта прымальна. Асабліва крытыкаваць такі падыход я б не хацеў, таму што гэта ўсё ж такі дае шанец на выжыванне Наваградскага замка. Галоўнае, каб не было Лідскага замка. Ён кепскі сваёй неакуратнасцю выканання», – кажа Ігар Лапеха.

Прафесар гісторыі, гарадзенскі краязнаўца Вячаслаў Швед наведваў Наваградак пару тыдняў таму, калі прывозіў туды групу латвійцаў. Замежныя госці былі вельмі здзіўленыя, распавядае Вячаслаў Швед:

„Кажуць: „гэта што – новапабудова?” Я ўжо выкручваўся там, кажу: „тут была вежа, яе адбудавалі. Я сам не чуў, не чытаў”. Гэта, праўда, былі працаўнікі ўніверсітэту, кіраўніцтва Даўгаўпілскай мэрыі. Дык у іх так не робіцца”.

Таксама так не робіцца ні ў Літве, ні ў Польшчы, ні ў Чэхіі, адзначае галоўная рэдактарка газеты „Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік.

„Мы ж павінны зрабіць гэта на стагоддзі, а не каб гэта рассыпалася ці стварала нейкае адчуванне несапраўднасці. Расейскія турысты будуць задаволеныя. Астатнія – не ведаю, таму што іх у нас амаль няма”, – кажа Лілія Кобзік.

Суразмоўца belsat.eu сцвярджае, што расейскія турысты збольшага едуць у Беларусь не за аўтэнтыкай і старажытнасцю – гэта яны бачаць у той жа Чэхіі і Заходняй Еўропе. А нам жа, на думку Ліліі Кобзік, трэба вызначыцца, як мы будзем пазіцыянаваць сябе: як праеўрапейскую краіну, якая захоўвае свае еўрапейскія карані, або як проста дагледжаную і „чысценькую” краіну.

Беларуская рэстаўрацыя і аднаўленне

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў