«З нашай князёўны Рагнеды зрабілі плаксівую дзеўку». Гісторык глядзіць фільм «Вікінг»

video

Расейскую стужку «Вікінг», прэм’ера якой адбылася ў менскім кінатэатры «Масква», каментуе гісторык-медыевіст Сяргей Емельянаў.

З князёўны нарвежскага паходжання, якая добра ведала свой сацыяльны статус, свой стан, свае абавязкі, яны зрабілі нейкую плаксівую дзеўку, якая кудысьці ідзе за тым, хто яе вядзе. Пры гэтым па сюжэце яе вядуць розныя людзі. Я ўжо не кажу пра тое, што Рагнеда, відаць, усё ж такі была хрысціянкай – яшчэ да паказаных у фільме падзеў.

Творцы абсалютна не ўлічылі стан сучаснай навукі па гэтым пытанні: на сёння існуе з дзясятак розных версіяў гэтых падзеяў, а рэжысёр узяў і прыдумаў адзінаццатую, якая яшчэ і не падмацаваная ніякімі гістарычнымі фактамі.

Што рэжа вока – усе паказаныя паганцамі, хаця князі і дружыннікі, асабліва варажскія, якія служылі пры двары ў Канстанцінопалі, былі на той момант ужо хрысціянамі.

Эпізод з ідалам бога Святаслава я каментаваць не буду: гэта ніжэй за ўсялякія каментары. Не разумею, што ў гэтым выпадку думалі сабе рэжысёр і аўтар сцэнару.

Па ўсіх гэтых падзеях ёсць матэрыял летапісу – вельмі невялічкі. Гэта наратыў – па сутнасці, казка.

Здымаючы фільм пра ранняе сярэднявечча, рэжысёр павінен узяць тыя крупінкі, якія ёсць, і прыдумаць нешта сваё. А ў гэтым выпадку, мне падаецца, рэжысёр узяў крупінкі, якія ёсць, і замяніў нейкімі сваймі домысламі. У тым ліку гэта тычыцца рэлігіі – і хрысціянства, і паганства.

Рагнеда паказаная абсалютнай паганкай, хаця сучасныя навукоўцы, і я ў тым ліку, лічым, што прадстаўнікі элітаў былі на той момант або знаёмыя з хрысціянствам, або самі былі хрысціянамі.

Рагнеда ў фільме «Вікінг» у выкананні беларускай акторкі Аляксандры Борціч.

Кажучы пра канву фільма на ўзроўні строяў і персанажаў, падаецца, што рэжысёр моцна занурыўся ў канадскі серыял «Вікінгі». Па персанажах Рагнеды і гракіні, жонцы Яраполка, якой надалі імя Ірына, па іх строях ды прычосках бачныя алюзіі на двух асноўных жаночых персанажаў серыялу.

Гэта непрыемна ўразіла яшчэ ў трэйлерах, і гэтыя непрыемныя чаканні пацвердзіліся падчас прагляду фільма.

Да гісторыі Уладзіміра расейскае кіно звяртаецца не ўпершыню – нядаўна, напрыклад, паўстаў мультфільм пра яго. (Наагул, за апошнія гадоў дзесяць у Расеі быў зняты цэлы шэраг гістарычных фільмаў, рознай якасці – ад трэшу да даволі прыстойных стужак, прысвечаных гісторыі сярэднявечча – можна прыгадаць фільмы пра Яраслава Мудрага і Аляксандра Неўскага.) Мне падаецца, увесь гэты час ішло своеасаблівае накапленне матэрыялу: доўгі час рабілі няякасныя фільмы, а цяпер зрабілі вельмі дарагі, прыгожы і якасны з тэхнічнага пункту гледжання фільм (але вельмі неякасны паводле сюжэту).

Як любы іншы народ, расейцы шукаюць апору ў гісторыі і гістарычных персанажах, але спрабуюць трактаваць іх у нейкім спецыфічна сваім, духу. Асноўны пасыл 2,5-гадзіннага фільму выяўляецца на апошніх 20-ці хвілінах – гэта пасыл прыняцца хрысціянства. Калі нават параўноўваць з мультфільмам пра Уладзіміра, там, прынамсі, ідэя змагання добрага хрысціянства з кепскім язычніцтвам праходзіць, прынамсі, праз увесь, мультфільм, і падаецца дзецям, мяркую, больш паслядоўнай.

У «Вікінгу» жа адбываецца «нешта»: ёсць экшн, вогнішчы – гэткі сярэднявечны «Сталінград» Бандарчука, напрыканцы якога ідзе прапаганда хрысціянства. Усё выглядае як штучна прыцягнутае за вушы, шчыра кажучы.

Мне падаецца, што калі б проста ўзялі кніжку і экранізавалі стары раман «Калі паў Херсанес» Антаніна Ладзінскага, прысвечанага гэтым жа падзеям, усё выглядала больш паслядоўна.

Усё можа абярнуцца вельмі сумна. Як выкладчык і рэпетытар, магу сказаць, што ўзровень гістарычных ведаў нашых школьнікаў вельмі нізкі і так, а калі яны пабачаць яшчэ і прыгожую карцінку… Адзіны спадзеў – што яны будуць глядзець экшн, а не на сюжэтную лінію. Думаю, што ў нас пакуль што хапае, на шчасце, настаўнікаў, якія патлумачаць усю недарэчнасць такой перадачы гісторыі, якая не адпавядае нават наяўнаму матэрыялу летапісу. Галоўнае, каб на гэты фільм у нас не пачалі класы вадзіць, як, напрыклад, было з фільмам 1612.

Мне хочацца дачакацца, калі ў Беларусі пачнуць здымаць нармальнае кіно, каб мы не хадзілі на расейскае кіно. Падаецца, у Расеі прыгожы фільм Ежы Гофмана «Варшаўская бітва» не паказвалі, як не паказвалі і «Катынь» Вайды. Гэта польскі погляд на гісторыю, які ў Расеі не прымаецца. Было б дзіўна паказаваць фільм, дзе бальшавікоў разбіваюць пад Варшавай.

Чамусьці мы, беларусы, дазваляем сабе хадзіць і глядзець фільмы, дзе паказана, як гвалцяць нашую князёўну. Да расейцаў пытанняў няма: няхай здымаюць і паказваюць. Пытанне – да нашых кіношнікаў: чаму да сёння не здымаецца якаснае беларускае кіно.

Гэты фільм, вельмі якасны і прыгожы, задае планку: зняць у адказ чарговую «Анастасію Слуцкую» ужо не атрымаецца. «Вікінг» паказвае, што ў Расеі ўжо навучыліся здымаць кіно прыкладна той жа якасці, што і на Захадзе.

Размаўляла Аляксандра Дорская

Трэйлер да фільму «Вікінг»:

ДД, НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары