Гісторык Кузняцоў пра савецкія рэпрэсіі: Гэта быў генацыд супраць беларускага народу


Гісторык Ігар Кузняцоў пра савецкія рэпрэсіі

Сёлета адзначаецца 80 гадоў з Вялікага тэрору. Пік савецкіх рэпрэсіяў 1930-х гадоў прыйшоўся на 1937 год. Управа БНФ абвесціла 2017-ы годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Пра гэта паведаміў belsat.eu гісторык Ігар Кузняцоў.

Ініцыятыўная група, у якую акрамя спадара Кузняцова ўвайшлі старшыня беларускага аддзялення міжнароднага аб’яднання «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі, Ларыса Стома, Ганна Шапуцька, Яўген Батура ды іншыя грамадскія актывісты, накіравала зварот «да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў усяго свету». У ім гаворыцца:

Мы прапануем грамадскасці лічыць 2017 год Годам Памяці ахвяр савецкіх рэпрэсіяў супраць беларускага народу. Нашым агульным клопатам павінна быць вяртанне кожнаму закатаванаму, забітаму, прыніжанаму жыхару Беларусі яго добрага імя.

Зварот сяброў аргкамітэту па стварэнню гісторыка-культурніцкага абʼяднання «Вяртанне Памяці» да беларусаў

«29 кастрычніка 1937 года асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народа. Толькі за адну ноч у Менску сталінскія каты расстралялі больш за 100 выдатных прадстаўнікоў творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі. Многія з арыштаваных былі настолькі збітыя, што не маглі стаяць на нагах і іх поцягам цягнулі на расстрэл», – адзначаецца ў заяве.

Колькі асобаў пацярпела ад рэпрэсіяў у Беларусі

«Што такое рэпрэсіі ў Беларусі? Гэта 124 месцы масавых расстрэлаў, гэта 48 населеных пунктаў, дзе праводзіліся экзекуцыі савецкіх уладаў, гэта больш за 1,5 млн рэпрэсаваных, гэта больш за 37 тыс. расстраляных на тэрыторыі Беларусі. І гэта, калі не лічыць тых, хто загінуў у ГУЛАГу ці быў падвергнуты далейшым рэпрэсіям ужо ў 1937-1938-х гадоў. Агулам мы можам казаць, што юрыдычным рэпрэсіям у Беларусі падверглі не менш 18 % насельніцтва краіны», – заявіў падчас размовы з «Белсатам» Ігар Кузняцоў.

Таксама ён распавёў, хто менавіта трапляў пад махавік рэпрэсіяў:

«Сярод рэпрэсаваных 68 % былі сяляне, 12 % – працоўныя, 6 % – інтэлігенцыя. 80 % знішчаных, высланых у лагеры, былі асобамі, якіх мы не адносім да эліты нацыі: простыя працоўныя, сяляне, хатнія гаспадыні. То бок гэта быў генацыд супраць беларускага народу».

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, ахвярамі тэрору сталі 600 тысячаў жыхароў Беларусі. Ігар Кузняцоў лічыць, насамрэч іх, як мінімум, на 200 тысячаў болей. Сярод іх не менш за 70 тысячаў прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Паводле падлікаў гісторыка, у перыяд савецкае дыктатуры агулам на тэрыторыі Беларусі было расстраляна каля 371 тыс. чалавек.

Расстрэлы на тэрыторыі Беларусі з 1919 па 1953 гады паводле даследвання Ігара Кузняцова

Цягам трох месяцаў гісторык праводзіў аналіз 80 тыс. картак уліку неабгрунтавана рэпрэсаваных у 1920-1950-я гады і рэабілітаваных жыхароў Беларусі, якія знаходзяцца ў Нацыянальным архіву Рэспублікі Беларусь. Гэтыя звесткі, паводле спадара Кузняцова, публікуюцца ўпершыню.

Дакладна колькасць рэпрэсаваных падлічыць цяжка: арыштаваных на тэрыторыі Беларусі знішчалі далёка за яе межамі, ва ўстановах Гулагу. Прысуджвалі беларусаў у асноўным «тройка», АДПУ, «асаблівая нарада». 15,3 % рэпрэсіяў ляжыць на сумленні супрацоўнікаў НКУС.

«Несудовымі органамі было вынесена 85 % расстрэльных прысудаў», – каментуе сваё даследаванне Ігар Кузняцоў.

18 студзеня а 17:00 ва Ўправе БНФ збярэцца аргкамітэт па стварэнні гісторыка-асветніцкага абʼяднання «Вяртанне памяці».

Глядзіце на «Белсаце» дакументальны фільм «Лінія Сталіна на дзіцячай далоні»

ВД, НМ, belsat.eu

Стужка навінаў