Гісторыі былых кандыдатаў: «Не жыву, а выжываю! Кручуся, як магу!»


«Белсат» пацікавіўся, як склаўся лёс былых супернікаў Лукашэнкі на выбарах прэзідэнта 1994, 2001 і 2006 гадоў.

Былыя–1994

Першаму прэм’ер-міністру Беларусі Вячаславу Кебічу цяпер 79 гадоў, і ён атрымлівае пенсію, якая складае 75 % ад акладу таго, хто займае гэтую пасаду сёння. Дагэтуль узначальвае Гандлёва-фінансавы саюз, які сам і стварыў пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. Арганізацыя займаецца пошукам інвестараў. 

Былому сакратару ЦК Партыі камуністаў Беларусі Васілю Новікаву 69 гадоў. Ён атрымлівае пенсію дзяржаўнага служачага. З 2009 года кіруе кафедрай сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у турызме і гасціннасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту фізічнай культуры. Пасля колішняй прэзідэнцкай гонкі застаўся ў палітыцы, і праз год камуністы ўзялі большасць партыйных мандатаў у Вярхоўным Савеце Беларусі 13-га склікання, дзе Новікаў стаў першым віцэ-спікерам. Выступіў супраць рэферэндуму 1996 года і перайшоў у апазіцыю, але ненадоўга. Пасля чаго адразу атрымаў дзяржаўную пасаду – дарадцы Амбасады Беларусі ў Малдове. Потым абараніў доктарскую ды пяць гадоў узначальваў Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004-2008).

Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк сёлета адсвяткаваў 71-шы дзень народзінаў. Жыве паміж Варшаваю ды Нью-Ёркам і, наколькі дазваляюць абставіны, займаецца палітычнай дзейнасцю. Піша і выдае кнігі. Эміграваў ён праз два гады пасля першых выбараў, каб пазбегчы магчымага арышту.

Экс-старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу ўжо 80. Ён узначальвае партыю Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Дагэтуль чытае лекцыі па паліталогіі ва ўніверсітэтах свету, распавядаючы між іншым пра палітычную сітуацыю ў Беларусі. Як вядома, Аляксандр Лукашэнка сваім Дэкрэтам №16 «Аб упарадкаванні пенсіяў за асаблівыя заслугі перад беларускім народам» у 1997 годзе замарозіў выплаты свайму папярэдніку на пасадзе кіраўніка незалежнай Беларусі. Таму цяпер памер пенсіі апошняга вагаецца вакол сумы $ 1. Адразу ж пасля выбараў 1994 года спадар Шушкевіч узначаліў Цэнтр палітычных і эканамічных даследаванняў забароненага ўладамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, які быў вымушаны «эміграваць» у Вільню.

Былыя–2001

Экс-лідар Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімір Ганчарык сёлета таксама адзначыў круглую дату: яму 75. Цяпер на пенсіі, але сувязяў з палітычным жыццём не губляе: «Бываюць нейкія праекты невялічкія, а так падтрымліваю кантакты з прафсаюзнымі арганізацыямі, палітычнымі партыямі ў плане кансультацыяў». Прэзідэнцкую кампанію-2015 называе самай нецікавай з усіх. Вельмі прыкра, кажа, што кіраўнікі дзвюх партыяў (кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін – belsat.eu) нават не змаглі сабраць дастатковую колькасць подпісаў у сваю падтрыманне.

Яшчэ адзін сёлетні юбілей – у экс-старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Сямёну Домашу: 65 гадоў. Ён на пенсіі, каментароў пра сваё прыватнае жыццё журналістам не дае ўжо доўгі час – пачынаючы з 2006 года, калі стаў дырэктарам Гарадзенскага гарбарнага аб’яднання, якое ўзначальваў да 2014-га. Удзел у выбарах (хоць у выніку яму давялося зняць сваю кандыдатуру на карысць Уладзіміра Ганчарыка) скончыўся хваробаю сэрца: стан палітыка пагоршыўся пасля выступу на Беларускім тэлебачанні. Пасля выбараў ён працаваў у камерцыйных структурах, потым доўгі час быў без працы.

Былыя-2006

У былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Аляксандра Казуліна таксама насоўваецца круглая дата: 60. На пытанне, дзе працуе, ён адказвае: «Выжываю, як і ўсе беларусы. Кручуся, як магу». Чым займаецца экс-кандыдат на прэзідэнцтва, нам гэтак і не ўдалося даведацца. «Не вельмі хочацца размаўляць на гэтую тэму, калі ўжо хапіла так, што ўжо досыць… – патлумачыў ён. – Калі немагчыма было нічога рабіць, нідзе працаваць не толькі мне, але і маім блізкім. Але цяпер недзе неяк дзеці працуюць, я дзесьці штосьці магу, але гэта не так што выкарыстоўваць прафесійны досвед, прыносіць карысць Радзіме, людзям». – «То бок, афіцыйна вы беспрацоўны?» – «Ну я ж магу за мяжой дзесьці штосьці рабіць».

68-гадовы лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч пасля выбараў-2006 застаецца ў палітыцы. Жыве паміж Менскам і Берштамі вёскаю ў Шчучынскім раёне, дзе стаіць бацькоўскі дом, а побач – створаны палітыкам краязнаўчы музей.

ІА, ГХ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары