Гіпнатычныя здольнасці Пуціна падчас рытуальнай размовы з народам


Вялізная студыя, некалькі вядоўцаў, тэлемасты з розных куткоў краіны – за гады кіравання Пуціна расейцы прызвычаіліся да фармату наўпроставай лініі з прэзідэнтам. Але сёлета штосьці пайшло не так. Па-першае, Пуцін не спазніўся. Па-другое, некалькі разоў выбачаўся перад грамадзянамі за спад узроўню жыцця. Прызнаў, што рост коштаў на харчы – вынік ягонай забароны тавараў з Еўразвязу.

«Гэта часовая зʼява, і паступова, па меры насычэння рынку айчыннымі, расейскімі харчамі будуць зніжацца і кошты», – упэўнены Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі.

Так што расейцы будуць жыць кепска, але нядоўга.

«Чым менш зубоў, тым больш любіш кашу», – жартуе Пуцін.

Большую, чым звычайна, долю сённяшняй «лініі Пуціна» склала наўпроставае кіраванне. Прэзідэнта спыталі, калі ўжо будзе абяцаны энергамост у захоплены Крым.

«Электраэнергію нам даюць па гадзінах. Але мы не маркоцімся, бо нашыя дзеці сталі менш чытаць гаджэты, больш чытаюць кнігі», – мяркуе Юлія Яроменка, студэнтка Крымскага ўніверсітэту.

Пуцін паабяцаў, што вось зараз падключаць адзін кабель, а праз пару тыдняў яшчэ адзін. Распавялі, што часам людзі месяцамі не атрымліваюць заробак, як на востраве Шыкатан.

«Заробак не плацілі. Людзей туды возяць падманам праз кадравыя агенцтвы», – распавядае супрацоўніца мясцовага заводу.

«Я хачу, каб генеральны пракурор РФ пачуў гэтую частку нашае размовы», – рэагуе Уладзімір Пуцін.

І вось у жывым эфіры пракуроры распачалі адразу некалькі крымінальных справаў. Сёння Пуцін нават дыстанцыйна запусціў рамонт дарог у Омску.

Але чаго варты гэты стыль кіравання, паказаў, дакладней, не паказаў Усурыйск. Там у ізалятар кінулі будаўніка касмадрому «Ўсходні», якому летась Пуцін асабіста абяцаў разабрацца з затрымкамі заробкаў.

«Мы ўжо згубілі надзею і проста такім арыгінальным спосабам вырашылі звярнуцца наўпрост да Вас», – дзеліцца Антон Цюрышаў, будаўнік касмадрому «Усходні».

Будаўніка-прасіцеля яшчэ ўчора аформілі як хулігана-мацершынніка. Бо на сёння Антон Цюрышаў з калегамі планаваў арганізаваць акцыі пратэсту. Абяцаны заробак яны так і не атрымалі.

Усе гэтыя тэлемасты – такі ж падман, як праграмы экстрасэнсаў ў канцы 80-х, кажа праваабаронца Сяргей Чуракоў. Ён уцёк у Еўразвяз ад крымінальнага пераследу за палітычна акрэсленыя запісы ў сацыяльных сетках.

«Калі людзі, што лячыліся ў Кашпіроўскага, яны замест здаровага ладу жыцця падзараджалі слоікі, то цяпер людзі, замест таго, каб самім вырашаць свае праблемы, спадзяюцца на добрага цара-чараўніка Пуціна», – тлумачыць Сяргей Чуракоў.

А Пуціну зручна адказваць на падрыхтаваныя пытанні. Ён спакойна ўзгадаў пра панамскі афшор свайго сябра віяланчэліста Ралдугіна і паўтарыў сваю версію, што $ 2 млрд. музыка аддаў на інструменты. Проста журналісты-расследвальнікі перакруцілі факты.

«Яны проста наводзяць цень на пляцень… Хто гэтым займаецца, гэтымі правакацыямі? Мы ведаем, што там ёсць працаўнікі амерыканскіх афіцыйных установаў… Паўсюль тырчаць вушы заказчыкаў, тырчаць, але нават не чырванеюць», – апраўдваецца Уладзімір Пуцін.

І не пачырванеў. Сеанс прайшоў нармальна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў